Чаму "буферная зона", а не шлях у Еўропу? Астапеня — пра выбар Беларусі
Еўропа маніць, але ж шлях няблізкі / LookByMedia
На шляху Беларусі да Еўропы і НАТА непазбежна паўстане Расія, якая будзе ўсімі сіламі гэтаму перашкаджаць. Такую думку выказаў дырэктар "Беларускай ініцыятывы" Chatham House Рыгор Астапеня.
У эфіры Еўрарадыё ў размове са Змітром Лукашуком ён нагадаў прыклад Украіны і патлумачыў, чаму для Беларусі ў бліжэйшай будучыні больш рэалістычным варыянтам з’яўляецца статус буфернай зоны.
— На вялікі жаль, у нас ужо ёсць прыклады.
— Ты пра Украіну?
— Так, пра Украіну.
Я думаю, што вельмі складана ўявіць сабе поўны і радыкальны выхад Беларусі са сферы расійскага ўплыву — а тым больш хуткі рух да ўступлення ў НАТА. Па-першае, беларускае грамадства да гэтага не гатова. У Беларусі нават няма палітыкаў, якія б паслядоўна і адкрыта…
— Пачакай, пачакай. А як жа імкненне, мара — скажам так, "вырваць Беларусь са сцяны Расійскай імперыі"?
— Тут трэба абапірацца на больш рэалістычныя рэчы. Вядома, марыць можна пра што заўгодна. Я сам люблю візіянераў і візіянеркаў, якія прыходзяць і кажуць: "Мы можам гэта, мы можам тое". Я іх разумею. Але вельмі важна разумець момант, у якім агучваецца такая візія.
На сённяшні дзень прасторы для такой візіі проста не існуе. І, хутчэй за ўсё, яе не будзе і ў найбліжэйшыя 5, 10 ці нават 15 гадоў. Таму той максімум, на які мы зараз можам разлічваць, — гэта ператварэнне Беларусі ў пэўную буферную зону.
У пэўным сэнсе Беларусь ужо была нечым падобным да гэтага да 2020 года.