МЗС Францыі: бессэнсоўна, каб адна краіна NATO напала на іншую
Вайскоўцы на базе ЗША ў Грэнландыі / Polaris
ЗША не разглядаюць магчымасці захапіць Грэнландыю ваенным шляхам. Ва ўсякім разе, у гэтым суразмоўцаў пераконвае дзяржсакратар Марка Рубіа.
Кіраўнік МЗС Францыі Жан-Наэль Баро пасля размовы з амерыканскім калегам заклікаў "не пераацэньваць значэнне некаторых выказванняў" улад ЗША. Гэта прагучала пасля чарговых заяваў аб тым, што Вашынгтон не выключае прымянення сілы для атрымання Грэнландыі.
"Было б бессэнсоўна, каб краіна NATO нападала на іншую краіну NATO, і, перш за ўсё, гэта абсалютна супярэчыла б інтарэсам Злучаных Штатаў", — сказаў Баро.
Баро адзначыў, што ў размове з ім Марка Рубіа "выключыў магчымасць таго, што тое, што адбылося ў Венесуэле, можа адбыцца ў Грэнландыі".
Газеты Wall Street Journal і New York Times паведамлялі, што дзяржсакратар Рубіа заявіў на закрытым мерапрыемстве для членаў Кангрэса, што заявы Трампа і яго атачэння не азначаюць жадання ўварвання, і што мэтай Белага дома з’яўляецца набыццё вострава.
Раней улады і Даніі, і Грэнландыі заяўлялі, што перадача вострава ЗША выключана.