Трамп хоча яшчэ больш падняць глабальныя пошліны — цяпер да 15%

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп / AFP, MANDEL NGAN

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ўвядзе новыя 15%-я глабальныя пошліны на ўсе імпартныя тавары, піша BBC. Гэта заява прагучала адразу пасля абяцання Трампа ўвесці 10%-ыя глабальныя пошліны, пра што ён паведамляў некалькі дзён таму, адразу пасля паразы ў Вярхоўным судзе.

На гэтым тыдні Вярхоўны суд пастанаўляў, што пры прыняцці рашэння аб увядзенні глабальных пошлін у мінулым годзе прэзідэнт ЗША перавысіў свае паўнамоцтвы. Тады Трамп увёў пошліны спачатку супраць Мексікі, Канады і Кітая, а потым рэзка пашырыў іх на дзясяткі гандлёвых партнёраў.

Прэзідэнт ЗША ахарактарызаваў гэтае рашэнне суда як "жудаснае" і "антыамерыканскае", раскрытыкаваў суддзяў і назваў іх "дурнямі". Пазней ён паабяцаў увесці новыя пошліны, кіруючыся іншым законам, а пасля вырашыў падняць іх да 15%.

Пошліна ў памеры 15% — максімальна дапушчальная. Закон, паводле якога Трамп можа гэта зрабіць, дазваляе прэзідэнту ўтрымліваць гэтыя пошліны на працягу 5 месяцаў, пасля чаго адміністрацыі трэба будзе атрымаць адабрэнне Кангрэса, каб працягваць такую эканамічную палітыку.

Гэтае рашэнне выклікала хвалю крытыкі. Кангрэсмен-дэмакрат Тэд Лью заявіў, што Трамп вылівае сваю злосць на Вярхоўны суд на амерыканцах. Таксама рашэнне Трампа пракаментавалі і гандлёвыя партнёры ЗША. Канцлер Германіі Фрыдрых Мерц папярэдзіў пра нявызначанасць, з якой можа сутыкнуцца сусветная эканоміка.

Пошліны ў 10% павінны былі ўступіць у сілу ў аўторак, 24 лютага. Пакуль няясна, ці будуць з гэтага моманту ўведзены таксама павышаныя 15%-ыя пошліны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.