Больш за 1,5 тыс. палітвязняў Венесуэлы падалі прашэнне аб амністыі
Венесуэла, пратэсты / Reuters
Больш за 1,5 тыс. палітвязняў Венесуэлы падалі прашэнне аб амністыі, паведаміў старшыня Нацыянальнай асамблеі краіны Хорхе Радрыгес — брат часовай прэзідэнткі Дэльсі Радрыгес і саюзнік былога прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Паводле яго слоў, сотні палітвязняў ужо вызваленыя.
Вызваленні адбываюцца пасля прыняцця ў чацвер закона аб амністыі, піша BBC.
Паводле Родрыгес, дзеянне закона закране 11 тыс. палітвязняў. Шэраг актывістаў раскрытыкавалі ўрад за тое, што закон не распаўсюджвае амністыю на тых, хто заклікаў да замежнага ўзброенага ўмяшання ў Венесуэлу. Адпаведна, застаецца незразумелым, ці будзе ён ужыты да лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру Марыі Карыны Мачады.
Таксама закон аб амністыі не распаўсюджваецца на дзясяткі ваенных афіцэраў, якія ўдзельнічалі ў паўстаннях супраць адміністрацыі Мадуры цягам многіх гадоў.
ЗША затрымалі Мадуру 3 студзеня. Цяпер ён знаходзіцца пад вартай у чаканні суда разам са сваёй жонкай Сіліяй Флорэс. Ён не прызнаў сябе вінаватым па абвінавачаннях у распаўсюдзе наркотыкаў і зброі і называе сябе "ваеннапалонным".