Беларусь назапасіла доўг у 1,39 млрд долараў за венесуэльскую нафту
BELPOL прадставіў новае расследаванне пра супрацоўніцтва Беларусі з Венесуэлай / LookByMedia
У 2010–2012 гадах Беларусь заключыла кантракты на закупку нафты ў Венесуэлы агульным аб’ёмам 9 269 719 тон на суму 7,57 млрд долараў. Падрабязнасці гэтых здзелак BELPOL раскрывае ў сваім новым расследаванні.
Кантракты паміж ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія" і кампаніяй PDVSA Petroi SA прадугледжвалі асаблівыя ўмовы разлікаў: Беларусь абавязвалася аплаціць 80 % кошту не пазней як праз 35 каляндарных дзён з даты выдачы перавозчыкам распіскі аб прыняцці грузу.
Астатнія 20 % павінны былі назапашвацца ў выглядзе даўгавога абавязацельства беларускай нафтавай кампаніі перад пастаўшчыком. У якасці адной з формаў пагашэння запазычанасці венесуэльскаму боку прапаноўвалася частка пакета акцый беларускай кампаніі.
Паводле інфармацыі BELPOL, беларускі бок разлічваў, што Венесуэла не будзе патрабаваць пагашэння 20-працэнтнай запазычанасці, і гэтая сума стане своеасаблівай дапамогай Беларусі ад "велікадушнага народа братняй дзяржавы". Аднак Венесуэла пастаянна ўздымала пытанне вяртання доўгу.
На якіх умовах закуплялася нафта
Беларусь магла закупляць нафту на больш выгадных умовах у іншых краін — тады кожная тона абышлася б танней на 52 долары ў 2010 годзе і на 54 долары — у 2011-м.
Аднак толькі на 29 танкерных пастаўках з Венесуэлы ў 2010 годзе Беларусь пераплаціла больш за 117 млн долараў, а ў 2011 годзе пераплата склала амаль 259 млн долараў.
У 2012 годзе беларускі бок зразумеў, што закупкі з’яўляюцца стратнымі, і набыў усяго чатыры танкерныя партыі. З траўня 2012 года закупкі венесуэльскай нафты былі цалкам прыпыненыя.
Ацэнка працы беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на венесуэльскай нафце паказала, што без уліку 20-працэнтнага доўгу прадпрыемствы фактычна выйшлі "ў нуль". Пры поўным разліку па даўгах венесуэльская здзелка прынесла б значныя страты.
Спробы "ўрэгуляваць пытанне"
У 2014 годзе Венесуэла нагадала пра доўг і накіравала прапанову пагасіць яго ў 2015–2017 гадах роўнымі штогадовымі плацяжамі. Таксама разглядалася магчымасць перадачы абавязацельстваў па пагашэнні запазычанасці трэцім асобам.
Беларусь працягвала настойваць на мэтазгоднасці дасягнення дамоўленасці, паводле якой венесуэльскі бок не будзе патрабаваць вяртання доўгу, а названая сума будзе разглядацца як дапамога.
Вынік
За 2010–2012 гады агульны аб’ём закупленай нафты паводле кантрактаў склаў 9 269 719 тон на суму 7,57 млрд долараў.
Сумарная запазычанасць Беларусі па 20-працэнтнай частцы ад агульнага аб’ёму пастаўленай нафты на сённяшні дзень складае 1 390 090 537 долараў.
Каб не адлюстроўваць рэальны фінансавы вынік, доўг за венесуэльскую нафту быў перанесены на баланс ЗАТ "Беларуская нафтавая кампанія".
Падрабязнасці іншых правалаў глядзіце ў раследаванні BELPOL.