Кубінскі праваабаронца пра тое, што чакае краіну без нафты ад Мадуры
Куба
Пра тое, што Куба можа стаць наступнай цэллю пасля Венесуэлы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп ужо казаў некалькі разоў. На мінулым тыдні ён заявіў, што “Куба гатова пасці”.
— Цяпер у Кубы няма ніякіх даходаў. Усе даходы былі ад Венесуэлы, ад венесуэльскай нафты. Больш яны нічога не атрымліваюць. Куба літаральна гатова пасці, — сказаў Трамп.
Прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канель у адказ заявіў, што яго краіна падвяргаецца нападам ЗША ўжо 66 гадоў, і яе жыхары гатовыя “абараняць радзіму да апошняй кроплі крыві”.
Пра тое, што адбываецца цяпер на Кубе і якія існуюць магчымыя сцэнары развіцця падзей, Еўрарадыё пагаварыла з Джонам Суарэсам, праваабаронцам і выканаўчым дырэктарам Цэнтра за свабодную Кубу ў ЗША.
“У Кубы ёсць магчымасць пратрымацца”
— Як улады Кубы адрэагавалі на навіны пра затрыманне Нікаласа Мадуры і дзеянні ўлады ЗША?
— Перш за ўсё, кубінскі ўрад на працягу дзесяцігоддзяў адмаўляў, што ў Венесуэле была ваенная прысутнасць. Таму той факт, што яны гэта прызналі і назвалі лічбу 32 (вайскоўцы і супрацоўнікі разведкі, якія загінулі падчас ваеннай аперацыі ЗША па цвыцягванні Мадуры), стаў нечаканасцю для некаторых, але для іншых, хто ведаў, што гэта прысутнасць існавала, гэта стала пацвярджэннем таго, пра што мы гаварылі ўжо даўно.
Яны [кубінскія ўлады. — Еўрарадыё] ахарактарызавалі дзеянні Амерыкі як акт тэрарызму, адкрыты імперыялізм, парушэнне венесуэльскага суверэнітэту. Такой была рыторыка. Яны арганізавалі антыамерыканскі пратэст каля амбасады ЗША ў Гаванe.
Пры гэтым самі кубінскія афіцыйныя асобы падрывалі суверэнітэт Венесуэлы, пранікаючы ў венесуэльскую армію, катавалі венесуэльскіх дысідэнтаў для спадара Мадуры і вывозілі значныя багацці, у прыватнасці, нафту, з Венесуэлы, што негатыўна адбілася на венесуэльцах.
Акрамя таго, паводле ўкраінскіх крыніц, мы ведаем, што прыкладна столькі ж кубінцаў было забіта ў баях на вайне спадара Пуціна супраць Украіны, якая з’яўляецца незаконнай імперыялістычнай вайной. [Украінскія спецслужбы раней заяўлялі, што за час вайны ва Украіне загінула 39 грамадзян Кубы, а колькасць наймітаў у радах расійскай арміі можа дасягаць 20–25 тысяч. — Еўрарадыё]
Кубінскія ўлады гэта адмаўляюць і сцвярджаюць, што гэта найміты, але ўсе прыкметы паказваюць на супрацоўніцтва з Расіяй і стварэнне “трубаправода” байцоў, якія адпраўляюцца ва Украіну.
Акрамя таго, існуе фармальна адкрытае супрацоўніцтва паміж Кубай і Беларуссю: у іх ёсць ваенныя пагадненні, яны праводзяць высокаўзроўневыя і празрыстыя абмены паміж сваімі ўзброенымі сіламі.
Пра гэта ўзгадваў украінскі пасол падчас галасавання па эмбарга ў ААН у мінулым годзе. Дыяс-Канель ездзіў у Маскву і публічна пажадаў Уладзіміру Пуціну поспеху ў яго ваеннай аперацыі ва Украіне. Таму ўся антыімперыялістычная рыторыка кубінскага рэжыму — гэта чыстая крывадушнасць.
Калі гаворка ідзе пра расійскі імперыялізм, яны выступаюць яго пяхотай.
— Лічыцца, што падзенне Мадуры можа справакаваць крушэнне рэжыму на Кубе. Вы згодны з гэтым сцвярджэннем?
— Я не думаю, што справа толькі ў гэтым. Тое, што мы назіраем на працягу апошняга года, — гэта крушэнне рэжыму Башара Асада ў Сірыі, праблемы, з якімі сутыкаецца Іран: там працягваюцца масавыя пратэсты па ўсёй краіне.
Цяпер ВМС ЗША блакіруюць магчымасць транспартавання рэсурсаў з Венесуэлы на Кубу. Але Куба ўсё яшчэ захоўвае значную прысутнасць унутры гэтай паўднёваамерыканскай краіны.
“І Мігель Дыяс-Канель, і Нікалас Мадура — марыянеткі”
— З якімі праблемамі сутыкнецца Куба без Мадуры? Пры абодвух варыянтах: калі будзе Дэлсі Радрыгес або калі ў краіне адбудзецца змена рэжыму.
— Кубінскі ўрад на працягу апошніх 66 гадоў вельмі ўмела — і яны перадалі гэтыя ўрокі Дэлсі Радрыгес — валодае тактыкай зацягвання і ўменнем падаўжаць і ўтрымліваць рэжым. Таму пытанне будзе заключацца ў наступным: ці змогуць амерыканцы паспяхова націснуць на Дэлсі і на кубінцаў, каб кубінцы пакінулі Венесуэлу, а Дэлсі кантралявала пераходны працэс? Ці ж кубінцы разам з Дэлсі будуць “вадзіць амерыканцаў за нос” і захоўваць рэжым пры ўладзе, ідучы на ўступкі там, дзе гэта неабходна, але разлічваючы на тое, што амерыканцы стомяцца і ў выніку сыдуць.
Дазвольце нагадаць: калі ў Кубы было збліжэнне са Злучанымі Штатамі пры Бараку Абаму, з амерыканцамі сустракаўся не Дыяс-Канель, а сын Рауля Кастра — Алехандра Кастра Эспін, тады палкоўнік контрразведкі. Менавіта ён таксама суправаджаў Рауля Кастра на сустрэчах са спадаром Пуціным падчас афіцыйных візітаў у Расію.
Дыяс-Канель — сімвалічная фігура, пастаўленая пры ўладзе Раулем Кастра, але не надзеленая яго ўплывам. Як і ў выпадку з Мадурам, ён гулец унутры рэжыму, але ён не сам рэжым: вы ад яго пазбаўляецеся — рэжым працягвае існаваць.
Так што калі б вы сапраўды хацелі змены рэжыму ў Венесуэле, вам давялося б ліквідаваць Нікаласа Мадуру, Дэлсі Радрыгес, яе брата, Дыясдада Кабелья і некалькіх ключавых вайсковых чыноўнікаў. Але нават калі б вы гэта зрабілі, усё роўна засталіся б тысячы кубінцаў, якія праніклі ў армію, разведвальны апарат, а таксама кубінскі пасол — і менавіта яны насамрэч кіравалі Венесуэлай.
А ў Кубы ёсць GAESA (магутны кубінскі ваенны кангламерат, які кіруе значнай часткай эканомікі вострава. — Еўрарадыё), ёсць кубінская армія, Камуністычная партыя Кубы. Ёсць чальцы сям’і Кастра і іншыя ключавыя фігуры, такія як Раміра Вальдэс, які стварыў паліцэйскую дзяржаву на Кубе і які, дарэчы, правёў некалькі гадоў у Венесуэле, дапамагаючы будаваць паліцэйскую дзяржаву там у часы рэжыму Уга Чавеса.
Так што вось некаторыя з ключавых гульцоў, якіх давялося б ліквідаваць. Гаворка ідзе не пра аднаго чалавека — гаворка ідзе пра сістэму.
— Але калі б ЗША ўварваліся на Кубу, то якія сцэнары вы бачыце?
— Перш за ўсё мяне здзіўляе, што аперацыя па выцягванні Мадуры наогул адбылася, бо кубінцы былі паспяховымі ў пранікненні ў Пентагон, ЦРУ, USAID і Дзярждэпартамент — мы гэта ведаем, таму што ў гэтых структурах арыштоўвалі людзей, і мы мяркуем, што ёсць і іншыя, хто застаецца на сваіх месцах.
Зусім нядаўна быў выпадак з Мануэлем Рочы. Ён быў паслом ЗША ў Балівіі, а таксама працаваў у Савеце нацыянальнай бяспекі. І ён шпіёніў на карысць Кубы на працягу чатырох дзесяцігоддзяў. Так што ў кубінцаў ёсць свае агенты ўплыву і аператыўныя агенты тут, у Злучаных Штатах.
У іх ёсць сеткі, такія як The People’s Forum [Нью-ёркскі цэнтр палітычнай адукацыі і арганізацыі, які актыўна падтрымлівае Кубу ў барацьбе супраць амерыканскай блакады. — Еўрарадыё].
Напрыклад, 7 кастрычніка, калі адбыліся тэрарыстычныя атакі ў Ізраілі, на працягу некалькіх гадзін у падтрымку ХАМАС прайшлі масавыя дэманстрацыі на Таймс-сквер і ў іншых месцах ЗША, арганізаваныя кубінскімі агентамі.
Адным з людзей, якіх можна было ўбачыць на пратэсце на Таймс-сквер 8 кастрычніка, быў чалавек па імені Манола дэ лос Сантас. Ён дамініканец, але шмат гадоў правёў на Кубе.
Ён працуе з арганізацыяй пад назвай “Трыкантыненталь”, якая, дарэчы, будзе праводзіць мерапрыемства ў Гаване з 12 па 14 студзеня — у гонар 60-годдзя “Трыкантыненталі” [інтэрв’ю з Джонам Суарэсам запісвалася да гэтых дат. — Еўрарадыё], калі Куба сабрала тэрарыстаў і партызан з Афрыкі, Азіі, Блізкага Усходу і абедзвюх Амерык, каб спланаваць іх міжнародную барацьбу супраць глабальнага імперыялізму, перш за ўсё амерыканскага. Туды таксама ўваходзілі тэрарыстычныя групоўкі з саміх Злучаных Штатаў.
Прычына, па якой Куба знаходзіцца ў настолькі цяжкім эканамічным становішчы, заключаецца ў тым, што яны не дапускаюць існавання ўнутранага рынку і — што самае галоўнае — сельскагаспадарчага сектара.
Кубінскім фермерам забаронена прадаваць большую частку сваёй прадукцыі непасрэдна кубінцам на востраве. Яны абавязаны здаваць яе праз сістэму acopio [накаплення. — Еўрарадыё]. Гэта значыць, што ім трэба чакаць, пакуль кубінская дзяржава забярэ іх прадукцыю.
Сельскагаспадарчая сістэма Кубы захоўвае вельмі жорсткі камуністычны падыход: прадаваць асноўную частку прадукцыі кубінцам непасрэдна нельга — усё павінна ісці дзяржаве. У выніку 50–60% гніе.
Таксама адсутнічаюць стымулы. Таму Куба не вырабляе дастаткова, каб пракарміць сябе. Дык адкуль жа яны атрымліваюць ежу? Са Злучаных Штатаў — у вялікіх аб’ёмах.
Курыца, якую ядуць кубінцы на Кубе, паступае з Арканзаса.
— А што з турызмам?
— Кубінская дыктатура і ваенныя праяўляюць надзвычай пагардлівае стаўленне да насельніцтва. Яны не ўкладалі шырока сродкі ў інфраструктуру. Будынкі — калі вы выйдзеце за межы гістарычнага цэнтра Старой Гаваны, які быў адноўлены пры падтрымцы ЮНЕСКА і іншых крыніц — літаральна развальваюцца.
Кубінцы гінулі пад абваламі дамоў. Потым пачалася пандэмія, і кубінскі ўрад займаўся прапагандай, сцвярджаючы, што яны распрацоўваюць уласныя вакцыны і што яны — медыцынская супердзяржава. Рэальнасць была такой, што кубінцы хавалі сваіх блізкіх у брацкіх магілах у той час, калі ў кітайцаў, расіян, амерыканцаў і еўрапейцаў ужо былі вакцыны.
Кубінцам вакцыны не даваліся. Замест гэтага ліліся прапагандысцкія паведамленні, што вакцыны вось-вось з’явяцца і ўсё вырашаць. Гэта стала адной з прычын, чаму ў ліпені 2021 года сотні тысяч кубінцаў выйшлі на нацыянальныя пратэсты супраць дыктатуры — бо яны паміралі ў вялікай колькасці.
Пакуль астатняя Лацінская Амерыка атрымлівала вакцыны — Pfizer, Moderna, кітайскія або расійскія, — кубінцы нічога не атрымлівалі. І толькі пасля гэтых пратэстаў, у жніўні 2021 года, кітайская вакцына пачала паступаць на Кубу — у адказ на гэты народны выбух. Але з тых часоў турызм абрынуўся.
Ваенныя на Кубе ўкладалі грошы ў турызм, будуючы раскошныя вышынныя гатэлі па ўсім востраве і забяспечваючы іх уласнымі генератарамі. У выніку вы літаральна бачыце выявы цэлых гарадоў і пасёлкаў, агорнутых цемрай, без электрычнасці, акрамя раскошных вышынных гатэляў для турыстаў.
Цяпер пытанне: колькі турыстаў захоча апынуцца ў гатэлі са святлом, калі ўвесь горад вакол іх — у поўнай цемры? Менавіта гэта і прывяло да краху турызму.
З іншага боку, ёсць раёны, напрыклад, Варадэра, пляжныя зоны на ўцёсах, дзе вы амаль не бачыце кубінцаў — там турызм яшчэ захоўваецца. Але праблема ў тым, што праз адсутнасць інфраструктуры не вывозіцца смецце. Яно назапашваецца вялікімі кучамі ў гарадах і пасёлках па ўсёй Кубе, уключаючы Гавану.
Гэта прывяло да шэрагу эпідэмій. У цяперашні час на Кубе бушуюць чатыры эпідэміі. Многія кубінцы паміраюць.
Дакладныя лічбы ніколі не публікуюцца, але гэта адбываецца. Зыходзячы з чутак і папярэджанняў іншых урадаў людзей адгаворваюць ехаць на Кубу праз гэтыя захворванні. Гэта адна з прычын, чаму турызм не аднавіўся.
— У такой сітуацыі на што людзі яшчэ спадзяюцца?
— Кубінцам на працягу 66 гадоў, па сутнасці, казалі: калі вам не падабаецца, у вас ёсць тры варыянты — турма, смерць або выгнанне. І за апошнія пяць гадоў некалькі мільёнаў кубінцаў выбралі выгнанне і паехалі. Такім чынам, насельніцтва Кубы з 11 мільёнаў цяпер скарацілася менш чым да 8.
“Гэта клептакратыя”
— Якія добрыя сцэнары вы хацелі б убачыць для Кубы ў выпадку змены рэжыму?
— Для гэтага патрэбны тры базавыя рэчы. Першая — вызваліць усіх палітычных вязняў на востраве. Другая — забяспечыць захаванне правоў чалавека, дазволіць людзям свабодна і адкрыта гаварыць, дазволіць існаванне апазіцыйных палітычных партый, якія цяпер забаронены.
І трэцяя — адкрыць эканоміку: дазволіць фермерам працаваць і прадаваць прадукцыю непасрэдна кубінцам, дазволіць кубінцам лавіць рыбу. Цяпер існуе мноства абмежаванняў, пры гэтым кітайцам дазволена празмерна лавіць рыбу ў Карыбскім моры. Ёсць прамысловыя флаты, але звычайны кубінец есць рыбу толькі тады, калі яна імпартуюцца з Далёкага Усходу — і вельмі нізкай якасці. Мы гаворым пра Карыбы з трапічнай рыбай, а кубінцы не ядуць рыбу так, як іх суседзі.
— І ўсё гэта можа адбыцца без ціску з боку Амерыкі? Што ўвогуле могуць зрабіць амерыканцы?
— Я лічу, што памылка, якую рабілі многія, у тым ліку ЗША ў пэўныя моманты, напрыклад, падчас “адлігі” пры Абаму, калі былі зняты санкцыі з Гаваны, заключалася ў тым, што гэта не прывяло да лібералізацыі. Гэта прывяло да пашырэння кантролю войска над кубінскай эканомікай.
Да Абамы — можа, гэта супадзенне, але я ў супадзенні не веру, — калі пачаўся працэс нармалізацыі, тыя сектары эканомікі, што фармальна заставаліся дзяржаўнымі, але кіраваліся грамадзянскімі структурамі, напрыклад, Habaguanex, былі перададзены пад кантроль кубінскай арміі — і сталі кіравацца горш. Цяпер менавіта кубінскія вайскоўцы дамінуюць у эканоміцы.
Гэта клептакратыя. Кубінцы паміраюць ад хвароб, якія лёгка лечацца, і спатрэбілася б прыкладна 400 мільёнаў долараў у год на лекі. Пры гэтым мы ведаем, што кубінскія вайскоўцы распараджаюцца 18 мільярдамі долараў, у той час як кубінцы паміраюць ад хвароб, якіх можна было б пазбегнуць або справіцца з імі за 400 мільёнаў.