ЗША ўдараць па Іране ў бліжэйшыя 24 гадзіны — Reuters
Пратэсты ў Іране / Reuters
— Усе сігналы паказваюць на тое, што атака ЗША на Іран непазбежная, — заявіў заходні вайсковы чыноўнік у каментары Reuters.
Амерыканскі чыноўнік, які выступаў на ўмовах ананімнасці, паведаміў, што ЗША ў якасці меры засцярогі выводзяць частку персаналу з ключавых вайсковых баз у рэгіёне з-за росту напружанасці.
Як паведамляе Reuters, Вялікабрытанія таксама выводзіць частку персаналу з авіябазы ў Катары напярэдадні магчымых удараў ЗША.
Два еўрапейскія чыноўнікі заявілі, што ваеннае ўмяшанне ЗША можа адбыцца ў бліжэйшыя 24 гадзіны. Ізраільскі чыноўнік таксама адзначыў, што, імаверна, Дональд Трамп ужо прыняў рашэнне аб умяшанні, хаця яго маштаб і тэрміны пакуль застаюцца незразумелымі.
Трамп неаднаразова пагражаў умяшацца ў падтрымку пратэстоўцаў у Іране, дзе, паводле паведамленняў, падчас падаўлення пратэстаў супраць клерыкальнага кіравання загінулі тысячы людзей. Паводле слоў аднаго іранскага чыноўніка, загінулі больш за 2000 чалавек. Праваабарончыя арганізацыі ацэньваюць колькасць ахвяр больш як у 2600.
Праваабарончая група HRANA, якая базуецца ў ЗША, паведаміла, што на дадзены момант ёю пацверджана гібель 2403 пратэстоўцаў і 147 асоб, звязаных з уладамі. Гэта значна перавышае паказчыкі папярэдніх хваль пратэстаў, жорстка падаўленых у 2022 і 2009 гадах.
Міністр замежных спраў Францыі Жан-Ноэль Баро ахарактарызаваў тое, што адбываецца, як "самыя жорсткія рэпрэсіі ў сучаснай гісторыі Ірана".
Паток інфармацыі з Ірана ўскладнены з-за адключэння інтэрнэту.