У офісе партыі Юліі Цімашэнка прайшлі ператрусы па карупцыйнай справе
Юлія Цімашэнка / фота з яе акаўнту ў Фэйсбуку
У офісе ўкраінскай партыі "Бацькаўшчына" прайшлі ператрусы. Лідарка партыі Юлія Цімашэнка заявіла, што ператрусы працягваліся ўсю ноч. Паводле яе, следчыя дзеянні "не маюць ніякага дачынення да права і закону".
Напярэдадні антыкарупцыйныя органы Украіны абвясцілі, што кіраўніка адной з фракцый Вярхоўнай Рады злавілі на прапанове даць хабар дэпутатам, якія не належаць да яго фракцыі, піша hromadske.ua. Такім чынам фракцыя планавала купіць галасы за ці супраць канкрэтных законапраектаў. Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя, што гаворка ідзе пра Цімашэнка і партыю "Бацькаўшчына".
Лідарка партыі заявіла, што больш за трыццаць "узброеных да зубоў мужчын" без прад'яўлення дакументаў "фактычна захапілі будынак і ўзялі ў закладнікі супрацоўнікаў". Паводле Цімашэнка, падчас ператрусаў нічога не знайшлі, але забралі ў яе працоўныя тэлефоны, парламенцкія дакументы і асабістыя ашчаджэнні, пра якія напісана ў афіцыйнай дэкларацыі.
Лідарка партыі звязвае гэтыя дзеянні з набліжэннем прэзідэнцкіх выбараў: "Я катэгарычна адпрэчваю ўсе абсурдныя абвінавачванні. Падобна на тое, што выбары значна бліжэй, чым здавалася. І хтосьці вырашыў пачаць зачыстку канкурэнтаў. Гэта не першы палітычны заказ супраць мяне".
Тым часам крыніцы "Украінскай праўды" ў палітычных колах кажуць, што зранку 14 студзеня Цімашэнка атрымала падазрэнне ад антыкарупцыйных органаў — НАБУ і САП.