У Гомелі зноў здарылася аварыя на вадаправодзе
Вада, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
14 студзеня аварыя здарылася на "Гомельводаканале". У раёне дома №36 па Ляшчынскім праездзе прарвала трубы ў сувязі з фізічным зносам, піша ў сваім тг-канале кіраўнік гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.
У раёне працуе аварыйная брыгада са спецтэхнікай. На час аварыйных работ вада была адключаная ў 90 прыватных жылых дамах. Прыблізны час ліквідацыі аварыі — 16:40.
Пасля рамонту яшчэ спатрэбіцца прамыванне і дэзінфекцыя пашкоджанага ўчастка, а спецыялісты ведамаснай лабараторыі возьмуць пробы вады.
"Просьба да грамадзян захоўваць спакой. Сітуацыя пад кантролем. Адпаведныя службы робяць усё магчымае для аднаўлення водазабеспячэння", — піша Прывалаў.
Папярэдняя аварыя на вадаправодзе ў Гомелі была ў панядзелак. Тады без халоднай вады засталіся тры шматкватэрныя дамы па вуліцы Шашэйнай.