Павел Усаў вырашыў падаць у суд на "Нашу Ніву"
Павел Усаў / Еўрарадыё
Палітолаг Павел Усаў вырашыў падаць у суд на "Нашу Ніву". Пра гэта ён паведаміў у жывым эфіры Еўрарадыё 14 студзеня.
Нагодай стала публікацыя ў выданні, дзе паведамлялася, што Усава не запрасілі на калядны прыём у польскага прэзідэнта Наўроцкага з ініцыятывы польскіх спецслужбаў: маўляў, яны выкраслілі яго і сакратара Каардынацыйнай рады Івана Краўцова. Пазней "Наша Ніва" памяняла слова "спецслужбы" на проста "службы". Інфармацыя была адмыслова зманіпуляваная, лічыць Усаў.
Ён абураны тым, што выданне падало яго біяграфію так, быццам Усаў заўжды працаваў на разбурэнне дэмакратычных сілаў. Маўляў, калі лідарам апазіцыі быў Мілінкевіч, Усаў далучыўся да "Хартыі", якая была супраць яго. А потым падбухторваў Латушку скласці канкурэнцыю Ціханоўскай.
"Можаце ў жывым эфіры затэлефанаваць Латушку і спытаць", — прапанаваў Усаў, каментуючы абвінавачанні. А пра сітуацыю з Мілінкевічам ён кажа, што быў у складзе абласнога штаба Мілінкевіча ў Магілёве і збіраў подпісы за яго, а потым прысутнічаў на Плошчы 2006 года. Пры гэтым сам Усаў узначальваў тады магілёўскіх сацыял-дэмакратаў, чыім кандыдатам у прэзідэнты быў Аляксандр Казулін.
Усаў кажа, што збірае дакументы, звязваецца з адвакатамі і падае ў літоўскі суд на "Нашу Ніву" за шкоду, прычыненую яго рэпутацыі.
Акрамя таго, ён мяркуе, што Офіс Ціханоўскай і Аб'яднаны пераходны кабінет дапусцілі ўцечку інфармацыі, калі складалі спісы запрашэнняў на калядны прыём у Наўроцкага. Гэта парушэнне еўрапейскага заканадаўства, якое нанесла шкоду рэпутацыі, адзначае палітолаг.
"Я скіроўваю ліст да галоўнага інспектара па ахове асабістых даных Польшчы, да галоўнага інспектара аховы асабістых даных Літвы з указаннем неправамернасці выкарыстання, мадыфікацыі і перасылання без маёй згоды інфармацыі ў трэція рукі, дапушчэнне выцеку інфармацыі, што нанесла мне асабістыя і маральныя, і іміджавыя шкоды", — заяўляе Усаў.
Ён кажа, што будзе патрабаваць кампенсацыі. І няважна, колькі часу спатрэбіцца на разбор гэтай справы.