Сейм Польшчы адхіліў закон, які ўскладняў атрыманне грамадзянства

Беларускі пашпарт і дакументы палітуцекачоў у Польшчы

Беларускі пашпарт і дакументы палітуцекачоў у Польшчы / MOST

Сейм Польшчы ў першым чытанні адхіліў законапраект, які ўскладняў для замежнікаў атрыманне польскага грамадзянства. Закон быў падрыхтаваны партыяй "Права і справядлівасць" (PiS). За прапанову партыі "Грамадзянская кааліцыя" (KO) адхіліць праект прагаласавалі 240 дэпутатаў, супраць — 200, піша Gazeta Prawna.

Прадстаўнікі PiS унеслі законапраект у кастрычніку. Згодна з ім замежнік мог падаць заяву на польскае грамадзянства не раней як праз 10 гадоў пражывання ў Польшчы. Увесь гэты час ён павінен быў пастаянна пражываць на тэрыторыі краіны і мець стабільны даход. У выпадку шлюбу грамадзян Польшчы з замежнікамі, замежнік для атрымання грамадзянства павінен быў бесперапынна пражываць у краіне шэсць гадоў.

Адзін з аўтараў праекта, дэпутат ад PiS Павел Храняк тлумачыў, што падаўжэнне тэрміну з трох да дзесяці гадоў павінна паспрыяць, каб у замежніка сфармавалася пачуццё агульнасці з палякамі, разуменне таго, як функцыянуе польская дзяржава, а таксама веданне мовы на размоўным узроўні.

Намесніца міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Магдалена Рагуска падчас дэбатаў над праектам нагадала, што ўрад працуе над сваім праектам зменаў у законе. Яна рэкамендавала Сейму не працягваць працу над праектам PiS і дачакацца ўрадавых прапановаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.