Былыя палітвязні-ксяндзы жывуць у манастыры ў Рыме і трымаюць маўчанне

Вызваленыя ксяндзы Акалатовіч і Юхневіч — у цэнтры

Вызваленыя ксяндзы Акалатовіч і Юхневіч — у цэнтры / catholic.by

Каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч ужо два месяцы пасля вызвалення жывуць у адным з манастыроў у Рыме. Пра гэта даведаўся ад вернікаў сайт katolik.life.

На сувязь яны выходзяць рэдка, і прычына тут банальная: у іх няма тэлефонаў ды іншых тэхнічных сродкаў сувязі, адзначае выданне.

Паведамляецца, што ксяндзы знаходзяцца на поўным забеспячэнні, праходзяць медыцынскае абследаванне, аднаўляюцца пасля працяглага зняволення.

"Моляцца, удзельнічаюць у святых Імшах і — сумуюць па Беларусі. Калі яны змогуць вярнуцца на радзіму, невядома: канкрэтыкі ў гэтым пытанні, як і наогул пра далейшы лёс святароў, пакуль няма", піша katolik.life.

Таксама паведамляецца, што вызваленыя ксяндзы далі ў Ватыкане абяцанне, што як мінімум год пасля вызвалення не будуць рабіць ніякіх заяваў ці выступаў і займацца публічнай дзейнасцю. Ініцыятараў такой умовы вернікі не даведаліся. 

Святароў-палітвязняў вызвалілі напрыканцы лістапада 2025 года пасля просьбы кардынала Клаўдыё Гуджэроці, які наведаў Беларусь і асабіста сустракаўся з Лукашэнкам. Акалатовіч адбыў за кратамі каля двух гадоў з прысуджаных яму адзінаццаці. Юхневіч быў асуджаны на 13 гадоў і прабыў за кратамі паўтара года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.