“Адмены заняткаў не плануецца”. Ці адпраўляць дзяцей у школу ў моцныя маразы?
Дзеці могуць не хадзіць у школу пры −25 °C
Маразы ніжэйшыя за 20 градусаў чакаюцца ў бліжэйшыя дні ў Беларусі. Асабліва моцна закране Магілёўскую і Гомельскую вобласці.
Ці пойдуць дзеці ў школу ў такі мароз? Пры якіх умовах адмяняюць заняткі і ці можна пакінуць дзіця дома, калі на вуліцы вельмі холадна? Еўрарадыё патэлефанавала ў некалькі ўпраўленняў па адукацыі.
“Пакуль афіцыйнай паперы не было”
Пад выглядам занепакоенага бацькі карэспандэнт патэлефанаваў у Быхаў (у бліжэйшыя дні там чакаюцца моцныя маразы), у аддзел адукацыі, і спытаў, ці не зачыняць школу праз маразы?
— Пакуль афіцыйнай паперы не было. Як будзе — тады нешта вырашым. Яна прыходзіць з метэастанцыі горада Слаўгарада.
— Але ж на вуліцы ўсё роўна занадта холадна. А калі я не хачу, каб дзіця ішло ў школу ў такое надвор’е?
— Падыдзіце да класнага кіраўніка, растлумачце. У нас мінус 14. Пакуль адмены заняткаў не плануецца.
— Але ж гэта тэмпература вельмі нізкая.
— Я вам кажу, як гэта працуе на дзяржаўным узроўні. А вы ўжо як бацька самі вырашаеце.
Што кажа закон?
Рашэнне аб прыпыненні навучання прымаецца мясцовымі выканкамамі пры 25 і ніжэй градусах марозу, паведамляюць у Дэпартаменце кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі.
Пры −22 павінны быць адменены прагулкі для дзяцей ад 7 гадоў. Калі тэмпература −15 і ніжэйшая, тады адмяняюцца ўрокі фізкультуры на адкрытым паветры.
Без даведкі сапраўды можна не з’яўляцца ў школе да 5 дзён — пра гэта гавораць ва ўпраўленні па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама.