Які цыклон мацнейшы: Хаўер ці Улі? Сіноптыкі параўналі

Беларусь зноў заваліла снегам

Беларусь зноў заваліла снегам / Threads

Цыклон Улі па колькасці ападкаў і прыросце снежнага покрыва пераўзышоў Хаўер, піша тэлеграм-канал Метэавайб.

Падчас Хаўера, 14–16 сакавіка 2013 года, максімальны прырост снежнага покрыва склаў 20–32 см. Больш за ўсё снегу тады выпала на метэастанцыі Палеская. Для параўнання, падчас праходжання Улі 8–10 студзеня 2026 года прырост аказаўся большым — 20–34 см, а лідарам стала метэастанцыя Беразіно. Пры гэтым павялічэнне снежнага покрыва на 10 см і больш закранула значна большую тэрыторыю краіны.

Ападкі аднолькавыя

15 сакавіка 2013 года падчас Хаўера ў Мазыры і Лельчыцах выпала 37 мм ападкаў за суткі. Аналагічны паказчык быў зафіксаваны 10 студзеня 2026 года ў Магілёве. Аднак з улікам ападкаў 9 студзеня і ночы на 11-е сумарная колькасць у Магілёве і Жлобіне дасягнула 43 і 41 мм, што перавышае месячную норму.

Па інтэнсіўнасці ападкаў Хаўер усё ж застаецца лідарам. За 12 гадзін у Горках тады выпала 26 мм, тады як у Улі максімум склаў 25 мм у Магілёве.

Падчас Хаўера парывы ветру ў Валожыне і Ваўкавыску дасягалі 24 м/с. У Улі максімальныя значэнні былі ніжэйшыя — да 19 м/с у Ашмянах.

Вышыня сумётаў пасля Хаўера таксама аказалася большай. 16 сакавіка 2013 года снежны покрыў дасягаў 50–61 см, рэкорд быў зафіксаваны ў Мсціслаўлі. Пры гэтым сіноптыкі нагадваюць: на момант прыходу Хаўера снег у шэрагу рэгіёнаў ужо быў значным — у Мінску яго вышыня складала каля 46 см.

Хто мацнейшы?

Цыклон Улі абышоў Хаўер па агульнай колькасці ападкаў і прыросце снежнага покрыва, але па інтэнсіўнасці снегападаў і сіле ветру лідарам па-ранейшаму застаецца Хаўер.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.