Пазыкі на памяць. Што засталося ад моцнага сяброўства Беларусі і Венесуэлы
Нафта / Reuters
На памяць аб дружбе з Венесуэлай у мінскім мікрараёне Каменная горка разбіты парк імя сябра Аляксандра Лукашэнкі — Уга Чавеса. А яшчэ на памяць у дзвюх краін засталіся непагашаныя пазыкі: Беларусь павінна Венесуэле каля 1,5 мільярда долараў. Каракас таксама павінен Мінску, але крыху менш.
Ці ёсць паміж Беларуссю і Венесуэлай зносіны, якія Лукашэнка захоча захаваць пры новым (якім бы ён ні быў) урадзе?
У Беларусі даўгі перад Венесуэлай — і наадварот
У часы прэзідэнцтва Уга Чавеса ў адносінах Беларусі і Расіі чарговы раз заіскрыла. А вось сяброўства Мінска з Каракасам, наадварот, усё мацнела. Да таго моманту Беларусь дапамагла распрацаваць венесуэльскую сістэму супрацьпаветранай абароны, а Венесуэла выдзеліла Беларусі крэдыт на $500 мільёнаў.
І ў момант, калі Уладзімір Пуцін у 2010 годзе не ішоў на саступкі па бяспошлінных пастаўках сыравіны для беларускіх НПЗ, Лукашэнку было да каго звярнуцца. Каракас выручыў Мінск пастаўкамі нафты.
Дамовіліся так: "Беларуская нафтавая кампанія" купляе ў венесуэльскай PDVSA 30 млн тон нафты. Беларусь адразу ж аплачвае 80% яе кошту, а астатнія 20% акумулююцца ў выглядзе абавязання пакупніка перад прадаўцом.
— Потым Чавес памёр, а Лукашэнка гэтую пазыку неяк не вельмі спяшаўся аддаваць, — пераказвае храналогію падзей эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі. — На момант смерці Чавеса сума запазычанасці налічвала 1,5 мільярдаў долараў. І Мадура прасіў вярнуць — у Венесуэле таксама грошай не хапала. Нейкую частку яны аддалі, але Лукашэнка па-ранейшаму павінен Каракасу грошы.