Беларусы сталі радзей атрымліваць адмовы ў турыстычных і дзелавых візах ЗША
ЗША, ілюстрацыйнае фота / Reuters
Беларусы сталі радзей атрымліваць адмовы ў турыстычных і дзелавых візах ЗША. Як сведчыць статыстычная справаздача Дзярждэпартамента Штатаў, летась адмовы ў візах атрымалі каля чвэрці заяўнікаў — гэта менш, чым у 2024 годзе, заўважыла выданне "Зеркало".
За перыяд з 1 кастрычніка 2024-га па 30 верасня 2025-га адмовы ў візах катэгорыі В (турыстычныя і дзелавыя) атрымалі 26,58% заяўнікаў з Беларусі. У 2024 годзе гэты паказчык склаў 28,79%.
У параўнанні з іншымі краінамі постсавецкай прасторы і блізкага замежжа Беларусь знаходзіцца ў сярэдняй групе па ўзроўні адмоваў. Меншая колькасць адмоваў атрымлівалі ў 2025 годзе Польшча (11,63%), Латвія (19%), Азербайджан (20,91%) і Літва (21,32%).
Больш высокім адсоткам адмоваў характарызуюцца былыя краіны СССР — Украіна (33,92%), Расія (40,38%), Грузія (45,57%), Казахстан (51,75%), Узбекістан (52,46%), Кыргызстан (59,2%), Арменія (56,37%).
Ад 21 студзеня ЗША на нявызначаны тэрмін прыпынілі афармленне іміграцыйных віз (для працы або ўз'яднання з сям'ёй) для грамадзян 75 краін, у тым ліку Беларусі. Пад гэтае рашэнне не трапляюць неіміграцыйныя візы — турыстычныя, студэнцкія ды іншыя катэгорыі часовых віз.