Італія змяняе візавы цэнтр у Беларусі
Італія, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Італія вырашыла змяніць візавы цэнтр у Беларусі. Пра гэта паведаміла ў сацсетках італьянская амбасада.
Новым аператарам для прыёму заяваў на візу стане кампанія VF Worldwide, больш вядомая беларусам як VFS Global. У амбасадзе абяцаюць і надалей прымаць заявы на атрыманне віз ад грамадзян Беларусі.
Амбасада правяла тэндар, які выйграла кампанія VF Worldwide. Ад 1 ліпеня запіс і падача візавых заяў будуць адбывацца ў новым візавым цэнтры па вуліцы Максіма Танка.
Да канца чэрвеня працягне працу візавы цэнтр на вуліцы Няміга, які абслугоўвае кампанія TLScontact.
Візавы цэнтр Італіі карыстаўся вялікай папулярнасцю ў беларусаў: там можна было атрымаць шэнгенскую візу на паўгода-год, нават калі чалавек да гэтага не меў ніякіх віз ЕС.
У каментарах да паведамлення беларусы выказваюць шкадаванне з нагоды змены аператара і кажуць, што ў новага аператара атрымаць візу самастойна стане ў разы цяжэй.