Для беларусаў змяніліся правілы падачы на французскую візу

Парыж, ілюстрацыйнае фота

Парыж, ілюстрацыйнае фота

Амбасада Францыі з 2 лютага ўвяла новую працэдуру падачы заявак на атрыманне візы.

Запісам на прыём для падачы візавых заяваў цяпер займаецца кампанія TLScontact. Ахвочым атрымаць французскую візу трэба будзе стварыць уліковы запіс на сайце візавага пасярэдніка і запоўніць кароткую анлайн-форму. Пры наяўнасці свабодных месцаў ім прызначаць дату для падачы заявы на візу ў амбасадзе.

Акрамя таго спрашчаюцца працэдуры для некаторых груп насельніцтва і прыярытэтных катэгорый заяўнікаў — напрыклад, для чальцоў сем'яў грамадзян ЕС. Турыстычным групам, на якія падаюць заяўкі турагенцтвы, будуць прызначаць сустрэчы пасля таго, як заяўку ўхваліць консульская служба, і ў залежнасці ад наяўнасці свабодных месцаў.

Таксама TLScontact адкрывае кол-цэнтр для падтрымкі і кансультацый па працэдуры падачы заяўкі і неабходных дакументах.

Мяркуецца, што такія змены дазволяць спрасціць атрыманне кароткатэрміновых або доўгатэрміновых шэнгенскіх віз у Францыю ў Беларусі. Акрамя таго працоўная нагрузка консульскага персаналу пераразмяркуецца, што дазволіць апрацоўваць больш візавых заяў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.