Францыя стала асноўным пастаўшчыком разведданых для Украіны — Макрон

Эманюэль Макрон

Эманюэль Макрон / France Televisions/Handout via REUTERS

Дзве траціны разведвальнай інфармацыі Украіна цяпер атрымлівае ад Францыі. Пра гэта заявіў французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон, піша Reuters. Францыя ў вялікай ступені замяніла ЗША, якія да мінулага года былі асноўным пастаўшчыком такой інфармацыі для Украіны.

У звароце да французскіх вайскоўцаў Макрон высока ацаніў намаганні Еўропы цягам апошніх двух гадоў у тым, каб пераняць на сябе асноўныя кірункі ўзбраення для Украіны.

Паводле Макрона, пасля адмовы Вашынгтона не фінансаваць Украіну кааліцыя з прыкладна 35 краін дае Кіеву ўсю неабходную падтрымку, у тым ліку фінансавую.

Гэтыя каментары, адзначае hromadske.ua, супярэчаць заяве Кірыла Буданава — былога кіраўніка ўкраінскай разведкі і цяперашняга кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны. У снежні 2025-га Буданаў заявіў, што Кіеў крытычна залежыць ад Вашынгтона ў атрыманні разведвальных звестак — пачынаючы ад спадарожнікавых здымкаў і заканчваючы сістэмамі ранняга папярэджання пасля запускаў балістычных ракет.

ЗША ў сакавіку 2025-га прыпынілі пастаўкі зброі і перадачы разведданых для Украіны. Прэзідэнт Дональд Трамп растлумачыў гэта тым, што Кіеў павінен быць гатовы дамаўляцца пра мір. Пазней у Джыдзе (Саудаўская Аравія) адбылася сустрэча прадстаўнікоў ЗША і Украіны. Па яе выніках ЗША абавязаліся неадкладна аднавіць ваенную дапамогу і перадачу разведданых для Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.