Інтэрпал за два дні затрымаў двух беларускіх палітуцекачоў
Інтэрпал / EPA
За два дні Інтэрпал затрымаў двух беларускіх палітуцекачоў. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з ініцыятывы "Партызанка".
13 студзеня затрымалі мужчыну, на якога быў выдадзены запыт з Беларусі. Ён затэлефанаваў у "Партызанку", і праваабаронцы растлумачылі польскай паліцыі кантэкст сітуацыі. Беларус мае статус міжнароднай абароны, таму на наступны дзень пасля ўсіх праверак і пастановы пракурора яго адпусцілі.
14 студзеня яшчэ аднаго нашага суайчынніка затрымалі ў Румыніі. Ён пакінуў Беларусь каля чатырох гадоў таму пасля вызвалення. Парушыўшы ўмовы нагляду, беларус выехаў у Польшчу па гуманітарнай візе, але не падаўся на міжнародную абарону. Цяпер ён знаходзіцца пад арыштам. У панядзелак адбудзецца паўторны суд, які вырашыць далейшы лёс мужчыны.
Праваабаронцы нагадваюць, што рэжым Лукашэнкі карыстаецца запытамі ў Інтэрпал як інструментам транснацыянальных рэпрэсій супраць беларускіх іншадумцаў. Часта запыты афармляюцца не па палітычных артыкулах, а пад выглядам эканамічных ці "хуліганскіх" парушэнняў, каб схаваць палітычную матывацыю.
Нават калі мясцовы суд адмовіць у экстрадыцыі затрыманага, "чырвонае" апавяшчэнне Інтэрпала (Red Notice або Red Diff) працягвае існаваць, пакуль краіна, якая яго падала, не адменіць ці пакуль Інтэрпал не прыме рашэнне па сваіх правілах зняць яго. Таму захоўваецца рызыка затрыманняў чалавека ў іншых краінах. Чалавеку трэба падаваць паведамлення ў Інтэрпол аб выдаленні дадзеных.
Праваабаронцы раяць беларусам, якія пакінулі радзіму па палітычных прычынах, абавязкова падавацца на міжнародную абарону — гэта можа абараніць ад экстрадыцыі.