У Мінску спецназ затрымаў трох чалавек за арганізацыю незаконнай міграцыі
Затрыманне / МУС Беларусі
У Мінску за арганізацыю нелегальнай міграцыі затрымалі трох чалавек — беларуску і двух замежнікаў. Затрыманне праводзілі аператыўнікі 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС пры сілавой падтрымцы байцоў Асобнага атрада спецпрызначэння ўнутраных войскаў МУС "Беркут", паведамляе прэс-служба МУС.
Паведамляецца, што схема была арганізаваная для прадстаўнікоў цэнтральнаазіяцкага рэгіёну. Ім дапамагалі незаконна прыехаць і застацца ў Беларусі. Арганізатары выраблялі і падавалі ў дзяржустановы падробленыя дакументы як ад фіктыўных, так і ад рэальных працадаўцаў. Так яны забяспечвалі мігрантам атрыманне віз і дазволаў на часовае пражыванне ў Беларусі.
За свае паслугі арганізатары атрымлівалі па 200-250 долараў з чалавека. Акрамя таго, яны збіралі штомесячны "падатак" — да 250 рублёў з кожнага. Міліцыя выявіла папярэдне больш за 100 кліентаў. Многія працавалі ў Беларусі таксоўцамі, падсобнымі рабочымі на рынках і прадпрыемствах грамадскага харчавання.
Міліцыянты правялі ператрусы, падчас якіх забралі электронныя носьбіты, дакументы фінансава-гаспадарчай ды іншай дзейнасці. Мігрантаў без легальных дакументаў чакае высылка з Беларусі. Высвятляюцца іншыя ўдзельнікі схемы.