Мігрантку з Гвінеі дэпартавалі з Беларусі, а дачку забралі ў дзіцячы дом
Мар’ям Сума / AFP
Жанчына з Гвінеі пацярпела ад міграцыйнага крызісу, арганізаванага ўладамі Беларусі. 23-гадовая Мар'ям Сума дзевяць месяцаў таму была дэпартаваная з Беларусі, а яе дачку Сабіну забралі ў дзіцячы дом у Мінску. У лістападзе дзяўчынцы споўніўся адзін год.
Як паведамляе інфармагенцтва AFP, уцякаючы ад галечы Сума прыехала ў Беларусь, каб адтуль нелегальна трапіць у ЕС. Гэтым шляхам апошнімі гадамі карыстаюцца многія мігранты, і рэжым Лукашэнкі дапамагае ім.
Зацяжараўшы ад гвінейца, які з'ехаў, каб паспрабаваць трапіць у ЕС, Сума нарадзіла дзіця больш як на два месяцы раней за меркаваную дату родаў. Дзяўчынка нарадзілася ў лістападзе 2024-га і важыла толькі 600 грамаў, піша Радыё Свабода. Яе тэрмінова даставілі ў рэанімацыю, дзе беларускія лекары здолелі яе выратаваць. Але неўзабаве пасля гэтага, кажа Сума, ёй забаранілі бачыцца з Сабінай да аплаты вялікіх медыцынскіх рахункаў — каля 33 тысяч долараў.
Потым яе арыштавалі за парушэнне міграцыйных правілаў і прымусілі сесці ў самалёт без дачкі. "Я сказала, што вярнуся толькі з сваім дзіцем. Я прасіла іх: калі ласка, проста дайце майму дзіцяці акрыяць, і я паеду з ім дадому", — кажа Сума агенцтву AFP.
Пасля дэпартацыі ў жніўні, паводле жанчыны, ёй дазволілі два кароткія відэатэлефанаванні, каб пабачыцца з Сабінай, якая знаходзіцца ў мінскім дзіцячым доме.
Эксперты ААН назвалі паведамленне аб прымусовым разлучэнні "надзвычай трывожнымі". Пасольства Гвінеі ў Маскве, якое адказвае і за кантакты з Беларуссю, паведаміла AFP, што сочыць за гэтай справай і патрабуе тлумачэнняў. Паводле звестак амбасады, пра справу ведае і Дзіцячы фонд ААН (UNICEF) у Беларусі, які можа дапамагчы арганізаваць "гуманітарную падтрымку" для Сабіны.