7 сярэдніх школ і 12 дзіцячых садкоў закрыліся на Гомельшчыне за год
Школа, ілюстрацыйнае фота / nashkraj.by
У Гомельскай вобласці за год істотна скарацілася колькасць дзяцей у садках і сярэдніх школах. Пра гэта сведчаць даныя Белстата, якія прааналізавала выданне "Флагшток".
Па стане на 5 верасня 2025 года ў Гомельскай вобласці працавала 641 дашкольная ўстанова з агульнай колькасцю 46,6 тыс.дзяцей. У гэтым навучальным годзе дзіцячыя садкі наведваюць 93,8% дзяцей дашкольнага ўзросту.
Год таму, 5 верасня 2024 года, у Гомельскай вобласці працавалі 653 дзіцячыя садкі з агульнай колькасцю 49,4 тыс.дзяцей. Атрымліваецца, за год у вобласці стала менш на 12 дзіцячых садкоў. Пры гэтым колькасць дзяцей, якія наведваюць іх, скарацілася на 2800 чалавек.
Зменшылася таксама колькасць школ і школьнікаў. На пачатак 2025/2026 навучальнага года ў вобласці было 159,1 тыс. школьнікаў і 525 сярэдніх школаў. А ў папярэдні навучальны год налічвалася 162,9 тыс. школьнікаў і 532 школы. За год у рэгіёне зніклі 7 сярэдніх школаў, а колькасць школьнікаў скарацілася на 3800 чалавек.
Праўда, ёсць сферы, дзе адчуваецца прырост. Напрыклад, летась адкрылася адна ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі — цяпер іх у вобласці стала 31. Вырасла і колькасць навучэнцаў — з 10,7 тыс. да 11,3 тыс. чалавек.
Сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Гомельскай вобласці на пачатак 2025/2026 навучальнага года забяспечвалі 33 установы (год таму было 32). Сёлета ў такіх установах налічвалася 15,9 тыс. навучэнцаў — на 0,4 тыс чалавек болей, чым летась.
Таксама павялічылася і колькасць студэнтаў ВНУ: ад 24,1 тыс у мінулым навучальным годзе да 24,8 тыс. чалавек сёлета.