Пераможцам конкурсу МУС уручылі прызы, за якія пагражае крымінальная адказнасць
Падчас конкурсу ў цэнтры "Зубраня" / фонд "Маладая гвардыя"
2-3 лютага ў дзіцячым цэнтры "Зубраня" прайшоў інтэлектуальна-творчы конкурс для кадэтаў "Патрыёт-2026". Прызы ў ім прызначыў камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў.
У конкурсе ўдзельнічалі 13 камандаў — ад кадэцкіх вучэльняў, ліцэяў МУС і МНС, а таксама сувораўскай вучэльні. Перамога дасталася камандзе Віцебскай кадэцкай вучэльні, другое месца занялі мінскія сувораўцы, трэцяе — ліцэй МНС.
"Пераможцы атрымалі не толькі кубкі, але і каштоўныя падарункі — FPV-дроны! У сучасных рэаліях гэта не цацка, а базавы навык будучага абаронцы Айчыны", — паведаміў фонд "Маладая гвардыя".
FPV-дроны кіруюцца праз асаблівыя акуляры з прымачом відэасігналу. Аператар надзявае акуляры і назірае ўсё, што "бачыць" камера беспілотніка. Такія дроны актыўна выкарыстоўваюцца на вайне ва Украіне.
Між тым у Беларусі за захоўванне і эксплуатацыю такіх прыладаў можа пагражаць крымінальная адказнасць у адпаведнасці з указам Лукашэнкі. Фізічным асобам забароненыя захоўванне, абарачэнне і эксплуатацыя грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў, нагадвае выданне "Зеркало".
Фонд "Маладая гвардыя" займаецца так званым "патрыятычным выхаваннем" школьнікаў у клубах на базе ўнутраных войскаў МУС. Яго дырэктар Сяргей Грабеннікаў — былы афіцэр унутраных войскаў і намеснік Мікалая Карпянкова.