Міліцэйскі чыноўнік сказаў, чаму паказальна арыштоўваюць школьнікаў
Паказальны арышт школьніка ў Лоеве
Без паказальных арыштаў падлеткаў на вачах аднакласнікаў абысціся нельга. Бо гэта самы эфектыўны спосаб прафілактыкі нарказлачыннасці сярод непаўналетніх. Пра гэта ў інтэрв'ю дзяржаўнаму выданню "СБ. Беларусь сегодня" заявіў першы намеснік начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Анатоль Васільеў.
Паводле яго, паказальныя арышты дапамаглі значна знізіць колькасць нарказлачынстваў. Васільеў падзяліўся падрабязнасцямі:
"Ведаеце, як гэта выглядае? Актавая зала, збіраем хлопчыкаў і дзяўчат, пераважна старшакласнікаў. Яны сядзяць, кантактуюць паміж сабой, песцяцца, жартуюць — атмасфера паралізаваная. Вось зноў прыйшлі дзядзькі з міліцыі, зараз прачытаюць лекцыі і бясплатна пакажуць кіно, як у той дзіцячай песеньцы. Нудна!"
Але настрой рэзка мяняецца, калі іх аднакласніка ўводзяць у залу пад канвоем, пракурор зачытвае пастанову і на хлопца чапляюць кайданкі.
"Эфект імгненны! У зале мёртвая цішыня. Спярша неразуменне і спалох на твары ў арыштаванага, а затым яго рэакцыя пачынае перадавацца астатнім. У многіх у гэты момант слёзы ў вачах. Так, гэта моцны стрэс, эмацыйнае ўздзеянне, але без гэтага не абысціся", — мяркуе міліцэйскі начальнік.
Ён кажа, што і сам у такія моманты адчувае дыскамфорт.