У Магілёўскай вобласці ў нядбайных бацькоў за год забралі больш за 230 дзяцей

Дзіця, ілюстрацыйнае фота

Дзіця, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

За 2025 год у Магілёўскай вобласці забралі з сем'яў 230 дзяцей, паведамляе абласная пракуратура. Было прызнана, што яны маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Агулам у вобласці налічваецца 1840 дзяцей, сем'і якіх трапляюць пад крытэрыі і паказчыкі СНС — сацыяльна небяспечнага становішча. Гэта каля 1% ад усіх дзяцей Магілёўшчыны.

Пракуроры ўмешваліся ў 79 выпадках, звязаных з дзецьмі, якія выхоўваліся ў нядбайных сем'ях. Крытэрыі СНС, паводле пракуратуры, былі выяўленыя ў 19 сем'ях у дачыненні да 54 дзяцей. Яшчэ 25 непаўналетніх з дзевяці сем'яў, паводле пракуратуры, мелі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і былі адабраныя ў бацькоў.

Пракуроры вывучылі больш за 1500 матэрыялаў сацрасследаванняў мясцовых уладаў наконт пастаноўкі на СНС. Некаторыя рашэнні былі апратэставаныя. Напрыклад, мясцовая камісія не знайшла падставаў прызнаць у сацыяльна небяспечным становішчы сям'ю, хаця ў кватэры, дзе пражывала маці з дзецьмі ды яшчэ тры сваякі, не было падлогавага пакрыцця. Спальнае месца для малалетняй дзяўчынкі не было абсталяванае, а прадуктаў было ў мінімальнай колькасці.

Пракуроры, якія наведалі гэтую сям'ю, выявілі, што прадукты так і не з'явіліся, у кватэры завяліся прусакі, а на бацьку дзяцей пачалі крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 167 КК за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні да заведама малалетняй.

У Бабруйску ўмяшальніцтва пракурораў спатрэбілася ў сям'ю, дзе айчым сістэматычна біў пасынка рукамі і качалкай па розных частках цела. Па загадзе пракурора дзяцей з сям'і забралі, а на айчыма пачалі крымінальную справу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.