“Моцна смярдзела. Не тэхнікай, а людзьмі”. Буча праз чатыры гады пасля акупацыі
Буча / Euroradio
Гарады-спадарожнікі Кіева прынялі на сябе першыя ўдары, каб літаральна абараніць сталіцу ад захопу на самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў лютым 2022 года. Найбольш пацярпела Буча — невялікі санаторны гарадок. Ён быў пад акупацыяй 33 дні. Украінскае войска вызваліла яго 31 сакавіка 2022 года. І тады ўвесь свет абляцелі здымкі і сведчанні жыхароў пра забойствы і катаванні, здзейсненыя расійскімі вайскоўцамі.
Праз чатыры гады журналістка Еўрарадыё наведала Бучу, каб паразмаўляць з жыхарамі пра тыя падзеі і паглядзець, як горад аднаўляецца пасля іх.
“Людзі павінны бачыць, што жыццё ідзе і не спыняецца”
Над Бучай пралятае самалёт.
— Нашы ляцяць, — кажа жыхар горада Сяргей, калі мы рушым у бок цэнтра.
— То добра, — адказваю.
60-гадовы мужчына не чакаў, што вайна пачнецца, але ранкам яго абудзіла жонка, якая па працы была ў Кіеве.
— Я не думаў, што яны [расіяне] так хутка дойдуць. Пабег на базар набыць нейкіх прадуктаў. А потым пачалося. Першы-другі дзень яшчэ не так моцна адчувалі: было святло, цяпло, электрычнасць, сувязь. Але для нас была поўная нечаканасць, што “браты” такія.
Там жа дадаюць, што падчас акупацыі было вывезена 32 асобы (адна з якіх загінула ў няволі), 127 вайсковых і 21 цывільны зніклі без вестак, 40 асоб знаходзяцца ў палоне.
Дарэчы, поўнамаштабная вайна ва Украіне акурат перайшла часавую мяжу і трывае ўжо даўжэй за савецкі этап Другой сусветнай.
У Бучанскай грамадзе кажуць, што ў выніку расійскага ўварвання было пашкоджана або часткова знішчана больш за 3500 аб’ектаў.
— Гэта і жыллёвы фонд, і крытычная інфраструктура, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры і г.д. Сёння 95% з іх ужо адноўлена.
У гэтым грамадзе дапамагае больш за дзясятак заходніх фондаў і арганізацый.
Як кажа Сяргей, кожны па-свойму прапрацоўвае гэтую траўму. Але горад аднаўляецца. Суседняя з цэнтральнай вуліца цалкам перакапаная — мяняюць цеплатрасу.
— Некаторыя кажуць, маўляў, куды гэтыя грошы [аддаюць], але ж гэта мэтавае прызначэнне. Далі — і добра, бо робяць. Людзі павінны бачыць, што жыццё ідзе і не спыняецца. Баяцца трэба абстрэлаў, але тут як пашанцуе, — кажа Сяргей, і мы разыходзімся ў розных напрамках.
Іду да Храма святога апостала Андрэя Первазваннага. У 2023 годзе тут усталявалі мемарыял з імёнамі 501 загінулага грамадзянскага падчас расійскай акупацыі Бучы. І месца выбрана невыпадковае: тут знаходзілася брацкая магіла, у якой пасля акупацыі знайшлі каля 40 цел.
Паводле Бучанскай гарадской рады, дадому з часоў акупацыі вярнулася 90% жыхароў. У грамадзе (туды ўваходзяць горад Буча, пасёлкі Бабінцы і Ворзель і 11 вёсак) жыве каля 72 тысяч жыхароў і 12 тысяч унутры перамешчаных асоб.
“Усё забываецца”
Дзень марозны, але сонечны. Людзі ходзяць па сваіх справах. На базары каля чыгуначнай станцыі бабулі прадаюць вопратку, а вакол бегаюць бяздомныя сабакі. Побач стаіць манумент, прысвечаны Другой сусветнай вайне, праўда, сам помнік жанчыны з вянком закрыты сеткай, а вечны агонь не гарыць. Імёнаў загінулых землякоў там болей за 17.
На галоўнай пешаходнай вуліцы стаіць слуп з афішай і аб’явамі. Тут былі канцэрты Pianoboy і Воплі Відаплясава. А яшчэ далей — цэлая алея з фотаздымкамі і гісторыямі загінулых на фронце з 2014 года бучанцаў.
Тут жа знаёмлюся з дзвюма пенсіянеркамі — Ларысай і Таццянай. Абедзве сустрэлі вайну тут, у Бучы. Ларыса паспела ў першыя дні эвакуявацца з унукамі і суседскім дзіцём да дачкі ў Львоў, дзе правялі два месяцы.
Таццяна выехала толькі 11 сакавіка праз “зялёны калідор” у Кіеў, па яе словах, 13-га тут ужо стала “немагчыма”. Перад тым яна амаль два тыдні хавалася ў “Шкіперы” — гэта рэстарацыя ў суседнім пасёлку Ворзель, дзе яна працавала. Там жа з ёй было каля 15 чалавек.
— Мы там проста жылі, і спалі. Не было холадна, не было страшна.
— Бо вы з падвала нічога не бачылі, — перабівае яе Ларыса.
— А навошта? Стала, што мела стацца. Яны прыехалі, паламалі дзіцячую пляцоўку, развалілі, паглядзелі на нас, але не зайшлі. Яны напачатку не былі такія агрэсіўныя. Дзеці, маладзенькія. Яны паглядзелі па баках, ведалі, што мы там. Але нас абмінула. Потым далі “зялёны калідор”, і мы паехалі ў Кіеў.
Пакуль Ларыса была ў Львове, у Бучу пасля акупацыі прывозіў гуманітарку мужчына яе дачкі і будучы другі муж.
— Яму 45-50 гадоў, ён плакаў. Казаў, што там такое робіцца, людзі расстраляныя валяюцца паўсюль. Ой, я не магу [распавядаць далей]. У мяне зяця [першага мужа дачкі] расстралялі 7 сакавіка. Падлавілі пад хатай — і няма зяця.
Ларыса кажа, што яго трымалі ў падвале і катавалі. Пасля акупацыі хлопец, які быў з ім у палоне, паказаў месца, дзе зяця закапалі. Цела эксгумавалі.
А на Гастомелі, знаёмы распавядаў, быў каўказец, кажа, добры, выпускаў папісаць, пакурыць, нават балакаў. А потым папрасіліся выйсці і бачаць, што той плача. Пытаюцца, што здарылася. А ён кажа, што яму пазваніў бацька, маўляў, ты шакал, ты пайшоў супраць нашых братоў ваяваць: “Калі цябе там не заб’юць, я цябе дома, як барана, зарэжу”, — Ларыса сама не стрымлівае слёз, калі пра гэта распавядае.
— Але ўсё забываецца. Вайна ж трывае. Я гляджу, як іншыя гарады бамбяць. Вось туды трэба ехаць і глядзець, — кажа Ларыса.
Акупацыя вачыма падлетка
У кавярні побач працуюць дзве маладыя дзяўчыны — 16-гадовая Насця і 19-гадовая Вераніка. Абедзве ў 2022-м былі яшчэ школьніцамі.
За дзень да вайны Вераніка жыла ў нармальнай руціне: школа, абед, сустрэча з сябрамі.
— Яшчэ памятаю, што думала закінуць грошы на тэлефон на ўсялякі. Потым набыла нешта ў краме. Лягла спаць, а прачнулася ўжо ў вайну.
Дзяўчыны прыгадваюць, што спачатку чакалі вайну 16-га лютага. Яны назіралі за бацькамі, як тыя спачатку не звярталі ўвагі на нагнятанне, а потым пачалі закупляцца прадуктамі.
— Я зразумела, што калі тата ўжо пачаў панікаваць, значыцца, насамрэч нешта будзе, — кажа Насця. — А чацвёртай ранку мы прачнуліся ад выбухаў.
Чаму Вераніка працуе ў Бучы? Яна хацела працаваць барыста, а ў Кіеве не бралі без досведу. Пабачыла вакансію менавіта тут. А як любіць Бучу, то вырашыла, што будзе ездзіць.
— Мне падабаецца, што тут чыста, нашмат чысцей, чым у Кіеве. Тут вуліцы, дарогі, паркі — паўсюль прыемна хадзіць. І тут пастаянна нешта адбываецца.
Але пры гэтым Вераніка адчувае нешта кшталту настальгіі, калі гуляе па Бучы.
— 25 лютага я прыехала сюды па сястру, яна тут жыве. І помню, што я бачыла і што адчувала. Тады ж мы адразу выехалі, але вясною, калі Буча перастала быць акупаванай, мы адвезлі назад сястру з пляменнікам, у той час тут яшчэ было не так, як цяпер. Вокнаў не было, будынкі пацярпелі.
Моцна смярдзела. Не тэхнікай, а людзьмі.
Думаю, вы ведаеце пра вуліцу Вакзальную. Мы праходзілі там з татам, калі людзей ужо забралі, але запах застаўся.
Насця з ваколіцы Гастомеля. У суседскім доме да 11 сакавіка знаходзіліся яе сям’я і яшчэ дзве. Чацвёртая выехала і аддала ім генератар. Яна ўзгадвае, што расіяне часта да іх заходзілі з просьбамі.
— Мост у Кіеў быў разбіты. Бацька разумеў, што я яшчэ малая і мне жыць трэба, яны мне казалі, што я жыцця не бачыла, што не могуць мною рызыкаваць. Дзядуля супакойваў бабулю, бо яна хацела да маці, а ён казаў, што мы нічога не можам зрабіць. Вернемся — нас расстраляюць.
Мы даехалі за два дні да Чарнаўцоў. Па дарозе нам сказалі, што маці не стала. Ёй было троху больш за 30. Праз сорак дзён бацькі без мяне паехалі яе пахаваць. Казалі, што было цяжка, а дома вельмі смярдзела. Кухня, якая толькі прыехала перад вайною, была прапалена цыгарэтамі.
Для Насці цяжкае пытанне, ці заставацца жыць ва Украіне. Яна лічыць, што нават калі кудысьці выедзе, то вернецца дадому. Яны з сям’ёй як бежанцы жылі ўжо ў Чэхіі пяць месяцаў. Яна хацела там застацца, але бацькі будавалі дом з нуля, для іх ён вельмі шмат значыць.
— Нам яшчэ, калі выехалі, давалі ілжывую інфармацыю, што дом разбілі, і дзеду тады настолькі кепска рабілася. Гэта ў выніку аказаўся суседскі гараж.
Вуліца Вакзальная
На чыгуначнай станцыі расцягнуты вялікі банер “Нязломленыя людзі вялікай Украіны”. Менавіта ён глядзіць проста на вуліцу Вакзальную, якую ўзгадвалі ўсе папярэднія суразмоўцы і праз якую, у асноўным, праходзілі расійскія ваенныя машыны. Гэтая ж вуліца вядзе ў Ірпень, які таксама нямала пакут зазнаў у час акупацыі.
Цяпер жа па Вакзальнай дзеці вяртаюцца са школы, побач з якой стаіць памятная дошка пра злачынствы расійскай арміі. Вакол адрамантаваныя дамы, недзе ззаду будуюцца новыя. Толькі побач за вуглом, на вуліцы Яблонскай, застаўся адзін плот з дзюрамі ад абстрэлаў.
Тут жа сустракаю ўрача на пенсіі Васіля, які ўсю акупацыю правёў у Бучы, каля Яблонскай. Ён узгадвае, як [расіяне] туды-сюды перамяшчаліся па Вакзальнай, як разбівалі іх БТРы.
Звычайныя ж гараджане, каб ратавацца, пісалі на дзвярах “Тут жывуць людзі”.
Васіль распавядае, што падчас акупацыі яго суседа паранілі стрэлам пад лапатку, калі ён выйшаў на балкон нешта паправіць.
— Яго жонка шукала ўрача. Сын паклікаў мяне, маўляў, глядзі, дзядзю Віцю падстрэлілі. Я паглядзеў, там была дзірка. А ў іх нічога не было, каб закрыць. Куды яго завезці? Ужо не было лякарні, і яны нікога не пускалі. Ён памёр. Хлопцы на каляску яго — і завезлі на могілкі. Тады іх прапусцілі. І тады сын і распавёў, што на дарозе ляжаў веласіпедзіст, машына разбітая, яшчэ двое забітых. А потым як зайшлі… У нас быў новы дзіцячы садок. Там было добрае сховішча для людзей. А тыя іх выгналі, і самі пачалі хавацца. Кругом пад хатамі стаялі танкі, было холадна. Нікому не давалі спакою, усё грукатала.
Мы спускаемся па Вакзальнай у бок Ірпеня. Васіль паказвае, дзе ляжалі пабітыя расійскія БТРы. Цяпер жа амаль нічога не нагадвае пра тыя баі.
— Прадуктаў жа не было. Я хадзіў у стацыянар, і там дзяўчаты гатавалі з таго, што дома было. Звараць юшку, сухарамі падкормліваліся. Аднойчы іду адтуль, каля хаты выбягае адзін насустрач, маўляў, адкуль ідзеш. Кажу, што іду са стацыянара. “Так ты сведения переносишь?” — пытае. А я яму: “Якія звесткі?” — “Молчать, а то сейчас застрелю”. Я яму кажу: “Што, калі б твайго тату так паставілі…” А ён мне адзіночным выстралам пад ногі — шарах. Кажу: “Малайчына”. Сумку прасіў паказаць, а там нічога не было. Ён не рускі быў, хіба чачэнец. Потым даў танкісту мой тэлефон. Той сказаў, што ў іх нічога няма. І кажа мне: “Иди, только если сюда будут стрелять, то мы тебя расстреляем”. Кажу: “Дзякуй”. Я перайшоў да хату ў сына.
Такія былі адносіны. Пастаянна правяралі дакументы. Даеш пашпарт, ён кідае на зямлю, а потым з асфальту чытае.
Акупацыя была нядобрая. Адносіліся кепска. Я іду да сына, і яны за мной следам, правяралі, што я іду туды, на 16-ы паверх. А потым хадзілі па кватэрах, дзверы ламалі, глядзелі, што людзі пакінулі, каб сабе забраць з’есці. На сёмым паверсе было шэсць кватэр, ва ўсіх дзверы выламаныя, усё пагромлена.
Падчас развітання Васіль звяртае ўвагу, што беларусы раней таксама братамі былі, але Лукашэнка настроіў усіх супраць Украіны, маўляў, што тут нацыяналісты жывуць.
— Якія ж? Можа, адзін працэнт з усёй краіны. А Лукашэнка казаў калісьці, што на Украіну не пойдзе, будзе толькі трактары пускаць. А тут так запусцілі, што такая справа.
Па стане на пачатак лютага генпракурор Украіны Руслан Краўчанка паведаміў пра 211 датычных да злачынстваў у Бучы. Расследаванне працягваецца.
У сакавіку 2025 года Нацыянальная паліцыя Украіны паведамляла пра 2,5 тысячы расійскіх вайскоўцаў, якія, магчыма, мелі дачыненні да забойства грамадзянскіх, катаванняў і марадзёрстваў.