“Да чэрвеня кошты будуць прабіваць столь”: амбасада Італіі змяняе візавы цэнтр

Беларускі пашпарт

Беларускі пашпарт / Белсат

Амбасада Італіі ў Беларусі змяняе візавы цэнтр. Да канца чэрвеня беларусаў працягне прымаць цэнтр на Немізе TLScontact. А з 1 ліпеня візавым аператарам стане кампанія VFS Global (VF Worldwide).

Гэтая навіна выклікала паніку ў групах беларусаў у Італіі. Ніхто не разумее, як гэта паўплывае на чаргу: забярэ новы візавы цэнтр да сябе ўсіх, хто ўжо мае нумар жывой чаргі, ці давядзецца атрымліваць слот на падачу зноў?

Раней у візавы цэнтр Італіі беларусы запісваліся па жывой чарзе. Многія для таго, каб атрымаць запаветны нумарок з гіганцкай лічбай на ім, прыязджалі ў цэнтр яшчэ да світання і ў любое надвор’е. А далей чалавек чакаў, калі яго выклічуць для падачы дакументаў — гэта магло адбыцца праз паўгода.

Ці будзе сістэма жывой чаргі ў новым візавым цэнтры? Як усё будзе працаваць? Еўрарадыё пагаварыла пра гэта з галоўным рэдактарам Visa Flow Анастасіяй Лысакоўскай.

 

“Няма ўпэўненасці, што новы візавы цэнтр захавае прынцып жывой чаргі”

— Як сёння выглядае працэс запісу ў візавы цэнтр для атрымання італьянскай візы?

— 14 лістапада 2025 года візавы цэнтр аднавіў запіс па жывой чарзе. І роўна апоўначы людзі пачалі адпраўляць заяўкі. Пасля на пошту прыходзіць паведамленне: маўляў, прыйдзіце ў візавы цэнтр, каб атрымаць свой нумар у чарзе. Чалавек прыходзіў у цэнтр у прызначаны час з пашпартам і такім чынам праходзіў верыфікацыю.

Здавалася б, усё зразумела, але праблема ў тым, з якой хуткасцю апрацоўваюцца гэтыя заяўкі. Людзі пачыналі адпраўляць іх роўна апоўначы. Я ведаю чалавека, у якога час адпраўкі заяўкі пазначаны як 0 гадзін і 30 мілісекунд, а запрашэнне на верыфікацыю прыйшло толькі праз паўтара месяца.

То-бок людзі, якія адпраўлялі ліст не ў лістападзе, а ў снежні, увогуле не дабяруцца да верыфікацыі ў дзеючым візавым цэнтры. А тыя, каго зараз выклікаюць на верыфікацыю, атрымліваюць у чарзе пяцізначны нумар — колькасць пададзеных заявак набліжаецца да 40 тысяч з чымсьці.

Ці паспеюць людзі, якія атрымалі нумарок з лічбай “40 000”, падаць дакументы да канца чэрвеня 2026 года, калі візавы цэнтр пераедзе? Пакуль што кажуць, што нумаркі захаваюцца, але ўпэўненасці няма. Як і няма ўпэўненасці, што новы візавы цэнтр захавае прынцып жывой чаргі.

Бліжэй да ліпеня пачнецца моцны ажыятаж, і, думаю, кошты ў агентаў будуць прабіваць столь. Як будзе працаваць новы візавы цэнтр — няясна.

— Якія асноўныя асцярогі ў сувязі з новым цэнтрам?

— Амбасада Італіі выбрала візавым аператарам VFS Global (VF Worldwide) — менавіта той візавы цэнтр, які займаецца прыёмам дакументаў на польскія візы. Усе ўжо ведаюць, як складана запісацца на падачу дакументаў для атрымання польскай візы, таму ёсць асцярогі, што тое самае будзе і з Італіяй. Магчыма, прыйдзецца праходзіць праз тую ж сістэму верыфікацыі, якая існуе зараз для польскіх віз.

— А наколькі ўвогуле нечаканыя гэтыя змены?

— Амаль кожны год абмяркоўвалася, што Італія зменіць візавы цэнтр, але гэтыя змены кожны раз адкладаліся. Магчыма, нарэшце, дамовіліся. У гэтым няма нічога дзіўнага, любое амбасада можа змяніць візавы цэнтр.

Бывае, што краіна доўгі час прымае толькі ў сваім консульстве непасрэдна, а потым вырашае падключыць да работы візавы цэнтр і пераносіць усе падачы туды. Як правіла, калі ўжо консульства пачынае працаваць з якімсьці цэнтрам, гэта доўгая гісторыя.

Але, магчыма, сітуацыя толькі палепшыцца, калі новы візавы цэнтр будзе выдаваць дастатковую колькасць слотаў. Не выключана, што людзям сапраўды будзе лягчэй падавацца. Але пакуль што ніхто не ведае, як усё будзе.

 

“Могуць адкрыць візу нават на тры гады”

— Ці вартая італьянская віза ўсіх гэтых цяжкасцей?

— Італія ў беларусаў усё яшчэ ўваходзіць у топ-тры самых папулярных краін для атрымання візы. Яны даволі лаяльныя, шчодрыя на візы. Гэта значыць пры наяўнасці хоць якой-небудзь візавай гісторыі там цалкам рэальна атрымаць візу на паўгода або год. А калі ў вас ужо былі італьянскія візы і вы былі ў Італіі, то могуць адкрыць і на два, і на тры гады.

Ну, там даволі лаяльныя консулы. І таму людзі, якія ўжо прывыклі дзеля гэтай візы стаяць на марозе, каб атрымаць свой нумарок, цяпер нервуюцца. Усё гэта — стрэс, які правакуе невядомасць.

— Калі ў цябе “касмічныя” лічбы ў нумары чакання, а летам трэба ехаць у Еўропу, што рабіць зараз? Шукаць запасны варыянт ці спадзявацца, што не страціш сваё месца ў чарзе?

— Трэба разглядаць запасныя варыянты, але арыентуйцеся на сваю сітуацыю. Калі нумарок у вас ужо на руках, магчыма, ёсць сэнс проста прыйсці да дзвярэй візавага цэнтра і паспрабаваць падаць дакументы непасрэдна там (магчыма, хто-небудзь не прыйдзе на падачу, і вас прымуць). Але без нумарка не варта нават спрабаваць сунуцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.