Мінскі шматкватэрны дом тыдзень залівала гарачай вадой
Злашчасная труба пасля рамонту / адміністрацыя Першамайскага раёна
Пяціпавярховы дом на вуліцы Кедышкі ў Мінску тыдзень залівала гарачай вадой, але камунальнікі не спяшаліся выпраўляць сітуацыю.
Здарэнне адбылося 16 лютага: у трэцім пад'ездзе ўчастак пад лесвіцай залівала кіпенем пасля прарыву трубы, з люка падымалася пара. Жыхары дома адправілі больш за 10 заявак, але рэакцыя ад камунальных службаў паступіла не адразу.
Спачатку людзям абяцалі, што цечу ліквідуюць 17 лютага, потым перанеслі на 18-га, а ў выніку так нічога ў тыя дні і не зрабілі. Пашкоджаную трубу замянілі толькі пасля таго, як жыхары дома звярнуліся ў СМІ.
У каментары "Мінск-Навінам" супрацоўнікі ЖКГ Першамайскага раёна заявілі, што на момант паступлення заявак на мінулым тыдні цеча "была кропельнай і не насіла крытычнага характару". Заняцца рамонтам спецыялісты збіраліся, маўляў, калі надвор'е палепшае.
Паведамляецца, што вінаватага супрацоўніка ЖЭУ №3 прыцягнулі да матэрыяльнай адказнасці за нясвоечасовае рэагаванне на сігнал.