Больш за 100 дамоў у Гомелі засталіся без вады
Вада, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Частка жыхароў Гомеля 5 лютага засталася без вады. Аварыя адбылася на сетках ГП "Гомельводаканал", паведамляе кіраўнік гарвыканкама Уладзімір Прывалаў.
"Цеча вадаправоднай лініі па вул. Свірыдава-Ягаўкіна. Працуе аварыйная брыгада, спецтэхніка", — напісаў чыноўнік у сваім тг-канале.
Падачу вады адключылі ў 105 прыватных дамах на вуліцы Ягаўкіна. Арыенціровачны час ліквідацыі аварыі — 17:00. Пасля гэтага яшчэ адбудзецца прамыванне і дэзінфекцыя пашкоджанага ўчастка, а спецыялісты ведамаснай лабараторыі возьмуць пробы вады.
Учора аналагічная аварыя на трубаправодзе адбылася ў Гомелі на вуліцы Хатаевіча. У выніку без вады засталіся некалькі шматкватэрных дамоў.