За два дні Клецк двойчы заставаўся без вады
Рамонт водаправоду ў Клецку / kleck.by
Жыхары Клецка (Мінская вобласць) 28 і 29 студзеня заставаліся без цэнтралізаванага водазабеспячэння. Прычынай сталі аварыі на водаправодзе.
Уначы 28 студзеня горад цалкам застаўся без вады.
"Праблемы пачаліся ў нядзелю, калі адбыўся парыў трубаправода ў аграгарадку Янавічы, які спалучаны з Клецкам у адзіную сістэму водазабеспячэння. Гэта адразу павялічыла нагрузку на нашу сетку. У панядзелак сітуацыя пагоршылася з-за парыву на вуліцы Савецкай у Клецку. Падвойная аварыя прывяла да зніжэння ўзроўню вады ў назапашвальных рэзервуарах Клецкага ўчастка "Салігорскводаканала" — і рэзервуары апусцелі", — пракаментаваў сітуацыю намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Ігар Давыдок.
Цягам дня, калі большасць жыхароў былі на працы, узровень у рэзервуарах атрымалася часткова аднавіць. Але ўвечары гараджане вярнуліся дадому, і спажыванне вады рэзка вырасла. Помпавае абсталяванне не спраўлялася з падачай неабходнага аб’ёму вады, бо ўтварыліся паветраныя коркі. Толькі зранку 29 студзеня жыхары Клецка змаглі нармальна скарыстацца вадой.
А пад вечар 29 студзеня прарвала водаправод на вуліцы Перамогі, і Клецк зноў застаўся без вады. Прычынай назвалі ўмовы надвор'я і зношанасць труб, пакладзеных яшчэ ў 1974 годзе.
Мясцовае выданне "Да новых перамог" паведаміла, што ваду пачалі падаваць каля 21-й гадзіны. Праўда, падчас рамонту пашкодзілі кабельную лінію, і частка жыхароў вуліцы Перамогі на нейкі час засталіся без святла.