Удава кампазітара Моўчана забараніла публічна спяваць "Малітву" Янкі Купалы
Ірына Відава і Алег Моўчан / А. Волкаў
Удава кампазітара Алега Моўчана абурылася выкананнем знакамітай "Малітвы" на канцэрце да 85-годдзя Уладзіміра Мулявіна. Ірына Відава цалкам забараніла выкарыстанне музычнай спадчыны мужа, намагаючыся выдаліць усе запісы выступлення ў філармоніі з інтэрнэту.
Урачысты вечар і канцэрт адбыліся 12 студзеня ў Белдзяржфілармоніі. Генпрадзюсарам праграмы выступіла дачка спевака Марына Мулявіна. Фрагменты з праграм "Песняроў" выконвалі Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча і спявак Пётр Ялфімаў. Калі са сцэны загучала "Малітва" на словы Янкі Купалы і музыку Алега Моўчана, уся зала паднялася.
А 15 студзеня ўдава кампазітара Ірына Відава на персанальным сайце мужа размясціла катэгарычную заяву з забаронай на публічнае выкананне твораў Моўчана без яе пісьмовай згоды. Спевака Ялфімава яна абвінаваціла ў "шматгадовай непавазе" да аўтарскага права і забараніла яму выконваць музыку Моўчана ў любой форме, звярнула ўвагу "Наша Ніва".
Таксама Відава падала скаргі на парушэнне аўтарскіх правоў на YouTube, у выніку чаго запісы з канцэрта ў філармоніі былі заблакаваныя.
Дарэчы, у 2011 годзе Алег Моўчан асабіста забараніў Ялфімаву выконваць "Малітву". Гэта здарылася пасля таго, як артыст праспяваў яе на фестывалі ў Маладзечне "без папярэдняга ўзгаднення і без указання аўтарства". Такая ж гісторыя адбылася і з песняй "Стася".
Аднак прэтэнзій у Відавай не было ў студзені 2025-га. Тады Ялфімаў спяваў "Малітву" ў "Мінск-Арэне" на фінальным канцэрце прапагандысцкага "Марафону адзінства". Акампанаваў яму за раялем Мікалай Лукашэнка.
У спіс забароненых твораў трапілі:
"Малітва";
"Чырвоная ружа";
"Лявоніха";
"Слуцкія ткачыхі";
"Чэсць табе, Марыя";
"Стася";
"Кума", "Хрыстос уваскрос" ды іншыя.
Таксама ўдава кампазітара забараніла трансляцыю запісаў выканання Ялфімава па тэлебачанні і радыё.