За "экстрэмізм" арыштавалі гусляра "Старога Ольсы"
Алесь Чумакоў / Еўрарадыё
Сілавікі затрымалі гусляра Алеся Чумакова. Музыку абвясцілі датычным да новага "экстрэмісцкага фармавання" — "Да Зораў".
Чумакоў вядомы як музыка, майстар па вырабе гусляў і ўдзельнік гурта "Стары Ольса". У 2020 годзе ён удзельнічаў у беларускай агучцы серыяла "Вядзьмар" ад Netflix — выканаў вядомую песню Toss A Coin To Your Witcher у беларускім перакладзе. Пра тое, што ён апынуўся за кратамі, піша "Наша Ніва".
Суполка "Да Зораў", з якой ён нібыта звязаны, займаецца прасоўваннем беларускай мовы і культурных традыцый. Яна сябруе з навуковымі і асветніцкімі ініцыятывамі ўнутры Беларусі.
Паводле крыніцаў Еўрарадыё, дзейнасць "Да Зораў" была забароненая беларускімі ўладамі яшчэ ў канцы лістапада. У КДБ лічаць, што, акрамя Чумакова, у гэтую арганізацыю ўваходзіць грамадскі актывіст Сямён Малашэнкаў.