Жыхар Светлагорска, які знік пры вяртанні з Польшчы, знайшоўся ў СІЗА Гомеля
Глеб Панасюк / фота з сацсетак
34-гадовы жыхар Светлагорска Глеб Панасюк, якога шукалі яго сябры з Польшчы, знайшоўся ў следчым ізалятары №3 у Гомелі. Пра гэта пішуць праваабаронцы "Гомельскай Вясны" са спасылкай на крыніцу ў карнай установе.
Паведамляецца, што перад тым Панасюка трымалі пад арыштам у ізалятары часовага ўтрымання Гомеля паводле нейкай адміністрацыйнай справы. Праваабаронцы адзначаюць, што светлагорца затрымалі з палітычных матываў.
Апошнія гады Панасюк жыў і працаваў у Польшчы. 8 кастрычніка ён паехаў у Светлагорск, каб адведаць бацькоў. 9 кастрычніка ён затэлефанаваў сябрам у Польшчы і сказаў, што прайшоў мяжу і збіраецца перасесці на цягнік у бок Светлагорска. Пасля гэтага сувязь з ім знікла.
Праваабаронцы спрабуюць высветліць, у чым канкрэтна вінавацяць Глеба Панасюка.