Уночы на 24 студзеня амаль 6 тысяч дамоў засталіся без ацяплення ў Кіеве
Ліквідацыя наступстваў расійскага ўдара ў Кіеве / ДСНС Украіны
Уночы на 24 студзеня амаль 6 тысяч дамоў засталіся без ацяплення ў Кіеве. У некаторых знікла і вада. Гэта вынік чарговай расійскай атакі на сталіцу Украіны.
Паводле мэра горада Віталя Клічко, у большасці з пацярпелых дамоў з адключэннем ад цепласетак сутыкаюцца не ўпершыню. Ацяпленне ўжо знікала там пасля абстрэлаў 9-га і 20-га студзеня.
Гэтай ноччу адзін з расійскіх дронаў патрапіў у шматпавярховік у вялікім кіеўскім жылым комплексе. Ён знішчыў некалькі кватэраў.
Таксама ўкраінскія медыя паведамляюць, што абясточаны амаль увесь Чарнігаў. Там праз расійскі налёт пашкоджаныя аб'екты энергетычнай інфраструктуры.
Сённяшняя атака адбываецца на фоне перамоваў пра мір паміж дэлегацыямі Расіі і Украіны. Яны праходзяць у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах 23-га і 24-га студзеня.