Латвія закрывае рэгулярнае аўтобуснае спалучэнне з Беларуссю
Аўтобус Latlines / busphoto.eu
Латвія закрывае рэгулярнае аўтобуснае спалучэнне з Беларуссю. Рэйс "Рыга — Віцебск" знікне з раскладаў ужо з 1 лютага, а да чэрвеня спыняцца і ўсе астатнія.
Рэгулярныя перавозкі ў Беларусь ажыццяўляюць фірмы Latlines і Dautrans. Забараняць паездкі ім не будуць, але і падаўжэння іх ліцэнзій на перавозкі не адбудзецца. Аўтобусы перастануць хадзіць, калі скончацца тэрміны дзеяння ліцэнзій.
Ліцэнзія Dautrans на маршрут у Віцебск скончыцца ўжо праз 5 дзён — 31 студзеня 2026 года. Дазвол Latlines на маршрут у Мінск заканчваецца 26 лютага 2026 года. А на маршрут у Гомель (аўтобус ідзе праз Полацк, Віцебск, Оршу і Магілёў) — 27 чэрвеня 2026 года, паведамляе Infotrans.