Усходазнавец: “Новыя пратэсты ў Іране — пытанне толькі часу”

Тэгеран, 9 студзеня

Тэгеран, 9 студзеня / UGC/AP

Пратэсты ў Іране ўспыхнулі ў снежні і працягваліся ў студзені. Даходзіла нават да таго, што Дональд Трамп пагражаў рэжыму аятол ударамі па краіне за рэпрэсіі. Аднак да рэальных дзеянняў справа так і не дайшла. Да другой паловы студзеня, здаецца, пратэсты былі канчаткова задушаны.

Папярэднія высновы з адных з самых маштабных пратэстаў у Іране Еўрарадыё абмеркавала з усходазнаўцам Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве Марцінам Кшыжаноўскім.

Востоковед: “Новые протесты в Иране — лишь вопрос времени”

Самыя вялікія ахвяры і самая працяглая блакіроўка інтэрнэту

— У СМІ пішуць, што пратэсты ў Іране ўжо сціхлі і перайшлі ў фазу рэпрэсій, уведзена каменданцкая гадзіна. Як бы вы ахарактарызавалі тое, што адбываецца?

— Пратэсты ў цэлым былі падаўлены ўладамі, і зроблена гэта было жорсткім чынам.

Дзе-нідзе яшчэ з’яўляюцца вельмі невялікія, адзінкавыя выступленні, акты супраціву ў форме дробнага вандалізму — напрыклад, антыўрадавых графіці, падпалаў, знішчэння прапагандысцкіх білбордаў.

Аднак буйных пратэстаў ужо няма, няма і сутыкненняў з паліцыяй або чагосьці падобнага. На тэрыторыі большай часткі краіны дзейнічае неафіцыйная (паколькі яна не была абвешчана), але фактычна існуючая каменданцкая гадзіна: перамяшчэнне пасля надыходу цемры абмежаванае, а на вуліцах можна ўбачыць вельмі вялікую колькасць сіл бяспекі, мноства патрулёў, якія проста сочаць за тым, каб не ўспыхнула новая хваля пратэстаў.

— Чым гэтыя пратэсты адрозніваюцца ад папярэдніх? Яшчэ свежыя ў памяці акцыі 2022 года (пратэсты, што пачаліся пасля смерці Махсы Аміні, затрыманай за “неналежнае нашэнне хіджаба”), а таксама маштабныя пратэсты 2019-га (тады прычынай стаў рост коштаў на паліва).

— Тое, што адрознівае гэтыя пратэсты, — гэта надзвычай вялікая, нават па іранскіх мерках, колькасць загінулых. Прычым як сярод пратэстоўцаў, так і сярод супрацоўнікаў сіл бяспекі.

У абодвух выпадках — і па колькасці ахвяр сярод мірнага насельніцтва, і па колькасці загінулых сярод сілавікоў — мы маем справу з сумным рэкордам. Што важна, колькасць ахвяр працягвае расці па меры паступлення інфармацыі пра пацверджаныя смерці, а таксама з-за пагаршэння стану цяжкапараненых.

Востоковед: “Новые протесты в Иране — лишь вопрос времени”
Тэгеран, 30 снежня / West Asia News Agency / Reuters

Гэтыя пратэсты адрозніваліся ад папярэдніх яшчэ і тым, што ў іх бралі ўдзел жыхары невялікіх гарадоў. Дагэтуль менавіта буйныя гарады былі галоўнай рухальнай сілай пратэстаў.

І хоць, безумоўна, найбольш пратэстоўцаў было ў буйных гарадах — у Тэгеране, Ісфахане, — меншыя населеныя пункты таксама заявілі пра сябе і стварылі сур’ёзныя праблемы сілам правапарадку.

— Ці змяніўся характар рэпрэсій у дачыненні да пратэстоўцаў у параўнанні з мінулымі пратэстамі?

— Што датычыцца формы пратэстаў, то практычна ўсё засталося такім самым, як і раней.

Аднак змяніўся іх маштаб. Улады на выключна працяглы перыяд адключылі інтэрнэт. Раней падчас пратэстаў ужо здаралася, што сувязь абмяжоўвалі.

Падчас “паліўных” пратэстаў 2019 года інтэрнэт быў цалкам адключаны, але толькі на — калі я правільна памятаю, бо тады я знаходзіўся ў Тэгеране — два, максімум тры дні.

Цяпер жа мы маем амаль тыдзень поўнай блакіроўкі інтэрнэту, у тым ліку блакіроўку інтэрнэту, які прадастаўляецца праз Starlink. Гэта пэўная навізна.

Маштаб арыштаў таксама значна перавышае той, што назіраўся падчас папярэдніх пратэстаў.

Востоковед: “Новые протесты в Иране — лишь вопрос времени”
Тэгеран пасля пратэстаў

Гэта відавочным чынам негатыўна адбіваецца на іранскай эканоміцы, хаця б за кошт скарачэння гандлёвага абароту. Іранцы вельмі часта выходзілі па пакупкі менавіта познім вечарам, пасля заходу сонца. Цяпер гэта істотна ўскладнена, і ўвогуле ўся гэтая сітуацыя, усё сацыяльнае напружанне, якое па-ранейшаму адчуваецца ў Іране, дзейнічае тармазным чынам на ўсе сферы жыцця, уключаючы эканоміку.

— Што будзе адбывацца далей? Ці могуць краіны ўвесці дадатковыя санкцыі супраць Ірана за дзеянні ўлад падчас пратэстаў? Краіна ж ужо шмат гадоў жыве пад імі.

— Як вы ўжо адзначылі, Іран і без таго знаходзіцца пад вельмі жорсткімі міжнароднымі санкцыямі. Новыя, па сутнасці, мала што зменяць, бо ў сферы санкцыйнага ціску на Іран мы, верагодна, ужо дасягнулі мяжы. Магчымасці ўвядзення яшчэ больш балючых мер практычна вычарпаны — хіба што гэта былі б санкцыі з боку ААН, фактычна абавязковыя для ўсіх яе членаў.

Аднак, улічваючы пазіцыю Расіі і Кітая і магчымасць вета ў Радзе Бяспекі, я не думаю, што ААН удасца выпрацаваць нейкую агульную пазіцыю ў дачыненні да Ірана.

Таму, калі гаварыць пра міжнародную рэакцыю, акрамя заяў абурэння, стандартных для падобных сітуацый, наўрад ці нешта адбудзецца, і грамадскую думку Іран, хутчэй за ўсё, проста праігнаруе.

 

Рызыка амерыканскага ўдару па Іране застаецца вельмі высокай

— На фоне гэтых падзей у СМІ пастаянна з’яўлялася інфармацыя пра магчымыя ўдары ЗША па Іране. Аднак Трамп адмовіўся ад гэтага, нібыта паверыўшы ў спыненне масавых забойстваў. Наколькі моцным застаецца напружанне з-за рызыкі магчымай атакі ЗША на Іран?

— Напружанне па-ранейшаму адчувальнае, рызыка застаецца вельмі высокай.

Дональд Трамп ужо прывучыў нас да таго, што дзейнічае, мякка кажучы, нестандартна, а часам, відаць, імпульсіўна.

Шмат што ўказвае на тое, што ўзброеныя сілы Злучаных Штатаў на ўсялякі выпадак рыхтуюцца да ўдару па Іране, каб у выпадку неабходнасці хутка правесці такую аперацыю.

Востоковед: “Новые протесты в Иране — лишь вопрос времени”
Тэгеран пасля пратестаў

Менавіта ціск, асабліва з боку Саудаўскай Аравіі, чые ўлады падтрымліваюць цёплыя адносіны з прэзідэнтам Трампам, імаверна, пераважыў шалі на карысць рашэння аб прыпыненні ўдару.

 

Іранская палітычная апазіцыя

— Ці існуюць іншыя магчымасці паўплываць на сітуацыю ў Іране і на іранскія ўлады звонку?

— На дадзены момант — не. Вельмі важна тое, што ў Іране не існуе арганізаванай апазіцыі. Ёсць проста вельмі вялікая колькасць расчараваных, незадаволеных людзей, якія ў нейкі момант даволі спантанна выходзяць на вуліцы і вымушаны супрацьстаяць дзяржаўнаму апарату.

Няма ніякага лідара апазіцыі — ні ўнутры Ірана, ні за яго межамі, — які быў бы здольны прапанаваць нейкую альтэрнатыву Рэспубліцы, які змог бы прадставіць праект палітычных пераўтварэнняў, здольных прывесці да дэмакратызацыі Ірана.

Усё тое, што крычаць дэманстранты, — гэта не палітычная праграма, а патрабаванні натоўпу. А гэтага недастаткова, каб пераканаць тых, хто сумняваецца і баіцца, што ў выпадку падзення Рэспублікі Іран пагрузіцца ў грамадзянскую вайну або адбудзецца пераход ад адной дыктатуры да іншай.

Я маю на ўвазе, у прыватнасці, заявы Рэзы Пехлеві, сына апошняга шаха Ірана, звергнутага ў выніку рэвалюцыі, які абвясціў пра сваю гатоўнасць прыслухоўвацца да заклікаў народа і вярнуцца ў Іран.

Вядома, яго выказванні моцна перабольшаныя, а папулярнасць у самім Іране надзвычай нізкая і абумоўлена пераважна вядомым прозвішчам і моцным медыйным ціскам. Але, як я ўжо казаў, на самай справе ён не мае палітычнага ўплыву на сітуацыю.

— Вы апярэдзілі маё пытанне пра ролю Пехлеві ў пратэстах, бо ён з’яўляецца фігурай, якая некалькі дзесяцігоддзяў знаходзіцца за мяжой, але яго імя часта можна было пачуць ад пратэстоўцаў.

— Яго роля вельмі гучная і прыкметная, бо, кажучы па-простаму, яна “раздутая” ў медыя, з-за чаго, нават калі яго падтрымка ў Іране мінімальная, ён  шырока абмяркоўваецца. Хочаш не хочаш, да яго даводзіцца звяртацца, што дадаткова павышае яго пазнавальнасць і папулярнасць.

Востоковед: “Новые протесты в Иране — лишь вопрос времени”
Рэза Пехлеві

Але, як я ўжо адзначаў, ягоны рэальны ўплыў на сітуацыю ў Іране нязначны, а падтрымка іранцамі як яго асобы, так і ідэі рэстаўрацыі манархіі знаходзіцца ў межах статыстычнай хібнасці.

— Пастаянна з’яўляюцца новыя лічбы адносна затрыманых і загінулых. Іранскія ўлады ўжо самі прызналі 5 000 чалавек загінулымі. Наколькі гэтыя ацэнкі рэальныя, заніжаныя ці завышаныя? Наколькі можна давяраць лічбам, якія трапляюць у загалоўкі?

— Да такой інфармацыі варта ставіцца вельмі асцярожна і пастаянна яе правяраць, супастаўляючы, напрыклад, з іншымі надзейнымі крыніцамі.
У выпадку Ірана вельмі важна памятаць, што краіна з’яўляецца бокам інфармацыйнай вайны. І як сенсацыйныя навіны з крытыкай Ісламскай Рэспублікі, так і паведамленні іранскіх дзяржаўных СМІ трэба ўспрымаць з вялікай асцярожнасцю.

Дакладную лічбу загінулых, затрыманых і пацярпелых, хутчэй за ўсё, ніколі не ўдасца ўстанавіць.

Тым больш што іранскія службы бяспекі часта дзейнічаюць, мякка кажучы, нефармальна, што таксама выпадае з-пад увагі статыстыкі.

Аднак, абапіраючыся на надзейныя і правераныя крыніцы, можна з упэўненасцю сказаць, што лік загінулых у выніку гэтых пратэстаў набліжаецца да 5 000. Колькасць затрыманых, верагодна, перавысіла 20 000.

І ў бліжэйшыя дні яна будзе расці. Пасля таго як улады Ірана здолелі ідэнтыфікаваць многіх удзельнікаў пратэстаў, іх проста сістэматычна затрымліваюць.

— Ёсць нешта яшчэ, пра што вы хацелі б узгадаць у гэтай размове?

— Магу толькі дадаць, што, калі казаць пра будучыню Ірана, новыя пратэсты — гэта пытанне толькі часу.

Ураду не ўдалося вырашыць ні адну з праблем, якія прывялі да гэтых пратэстаў. Але пакуль яшчэ занадта рана казаць, што Ісламская Рэспубліка ў Іране асуджана на крах.

Гэта дзяржаўны і палітычны апарат, пабудаваны на вельмі моцным фундаменце і, дзякуючы сваёй ідэалагічнай аснове, па-ранейшаму здольны разлічваць на даволі значную грамадскую падтрымку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.