Асудзілі следчага з Магілёва, якому КДБ зрабіла фэйкавы пашпарт Новай Беларусі

Фальшывы пашпарт на імя Шышкова

Фальшывы пашпарт на імя Шышкова / АНТ

Магілёўскі абласны суд вынес прысуд 59‑гадоваму былому следчаму Дзмітрыю Шышкову. Яго судзілі паводле артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".

Як піша "Наша Ніва", прысудзілі магілёўцу ці "хімію" з накіраваннем, ці калонію. Пры гэтым тэрмін пакарання невядомы, і тэарэтычна Шышкоў мог цалкам адбыць яго ў СІЗА або атрымаць умоўнае пакаранне.

Шышкоў у 2010‑м быў начальнікам следчага ўпраўлення УУС Магілёўскага аблвыканкама. Пазней яго адправілі працаваць у Следчы камітэт. Апошняе месца працы — інфармацыйнае агенцтва "Магілёўскія ведамасці". Матэрыялаў за яго подпісам "Наша Ніва" не знайшла — не выключана, што ў агенцтве Шышкоў адказваў за бяспеку. На тэлеканале АНТ казалі, што з "Магілёўскіх ведамасцяў" Шышкова звольнілі ў 2023 годзе за палітычныя погляды.

Сюжэт пра яго выйшаў на АНТ ў сакавіку 2024-га. У ім паказалі пашпарт "Новай Беларусі" на імя Шышкова. Аднак дакумент быў выразна фэйкавым. Прозвішча мужчыны па-беларуску напісалі з памылкай — пра рускую "и".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.