Пракуроры Міншчыны за 5 гадоў адправілі ў суды 1400 "экстрэмісцкіх" матэрыялаў
Крымінальны кодэкс, ілюстрацыйнае фота
Пракуратура Мінскай вобласці за 2025 год накіравала ў суды 334 заявы аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі "экстрэмісцкімі матэрыяламі". Агулам за апошнія пяць гадоў пракуроры Міншчыны накіравалі больш за 1,4 тысячы такіх заяваў, паведамляе прэс-служба пракуратуры..
У якасці прыкладу згадваецца пракурор Пухавіцкага раёна: ён за мінулы год накіраваў у суд 61 заяву на "экстрэмісцкія матэрыялы". Акрамя таго падчас маніторынгу інтэрнэту гэты пракурор пачаў крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.
Таксама пухавіцкі пракурор пачаў крымінальную справу на мясцовага жыхара паводле "народнага" артыкула — ч. 1 арт. 342 КК:
"Падчас маніторынгу ўдзельнікаў і актыўных карыстальнікаў публічнага Telegram-канала для зносін у сетцы Інтэрнэт "Пухавіцкі раён LIVE чат" пракуратура раёна ўстанавіла дачыненне мясцовага жыхара да арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Па выніках праверкі, якая праводзіцца ў рамках міжведамаснай рабочай групы, пракурор пачаў крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь".
Абвінавачванні ў экстрэмізме рэжым Лукашэнкі рэгулярна выкарыстоўвае для барацьбы з палітычнымі апанентамі.