"Я не пакідаю палітыку" — Марыя Калеснікава
Марыя Калеснікава / Gordon Welters/FT
Марыя Калеснікава плануе і надалей удзельнічаць у палітыцы. Пра гэта былая палітзняволеная заявіла ў інтэрв'ю выданню Financial Times: "Зразумела, што я не пакідаю палітыку".
Калеснікава заклікала краіны Еўрасаюза пачаць перамовы з Лукашэнкам. Яна лічыць сваім галоўным прыярытэтам спрыяць такому дыялогу, накіраванаму на вызваленне палітвязняў і спыненне рэпрэсій.
"Лукашэнка — прагматычны чалавек. Ён разумее мову бізнесу. Калі ён гатовы да гуманітарных крокаў у адказ на паслабленне санкцый, у тым ліку вызваленне зняволеных і дазвол незалежным СМІ і няўрадавым арганізацыям прыехаць у Беларусь, гэта трэба абмеркаваць", — мяркуе Калеснікава.
Былая палітзняволеная "не разумее, чаму Еўрасаюз не пачаў размаўляць з Лукашэнкам раней за ЗША" і ацэньвае санкцыі, уведзеныя Бруселем, як цяжкі ўдар для "высокаеўрапеізаваных" беларусаў. "Аднойчы рэжым зменіцца. І да таго часу там не павінна быць выпаленай зямлі. Мы павінны падрыхтаваць глебу", — канстатуе яна.
Калеснікава ў 2020 годзе ўзначальвала выбарчы штаб Віктара Бабарыкі, а потым увайшла ў кіраўніцтва аб'яднанага штаба. У верасні 2020-га яе арыштавалі і спрабавалі выслаць ва Украіну, аднак яна парвала пашпарт на мяжы. Калеснікаву асудзілі, за кратамі яна правяла больш за пяць гадоў. 13 снежня 2025-га яе разам з групай іншых палітвязняў прымусова вывезлі ва Украіну. Прытулак ёй і Бабарыку дала Германія.