"Я вельмі баяўся ШІЗА". Палітвязень — пра тое, што не давала яму зламацца

Уладзімір Гарох распавёў пра свой досвед знаходжання ў калоніі

Уладзімір Гарох распавёў пра свой досвед знаходжання ў калоніі / prisoners.spring96.org

Былы палітвязень Уладзімір Гарох быў сярод тых, каго 13 снежня 2025 года дэпартавалі з Беларусі. Ён праходзіў па так званай "Карэліцкай справе". У эфіры Еўрарадыё ён распавёў, што дапамагала яму не зламацца ў зняволенні.

“Мне не зламацца дапамагла мая мэта. У мяне ёсць пэўная стратэгія і тактыка яе дасягнення. Таму, знаходзячыся ў няволі, я стараўся займацца самаадукацыяй. Я працаваў над праграмай пабудовы грамадства і дзяржавы. Я глядзеў у будучыню. І менавіта гэтая мэта дапамагала мне не зламацца”, — узгадвае Уладзімір.

Які момант быў самым страшным падчас зняволення? Што палохала больш за ўсё?

“Я вельмі баяўся ШІЗА. Ты зноў у "кічоўцы", з адкрытай форткай, і цябе проста трасце ад холаду. І мне стала страшна. Я падумаў: "Што адбываецца?" Тут жа былі кнігі — можна было чытаць, у цэлым усё было больш-менш. І раптам — 10 сутак.

І ў мяне здарыўся нейкі псіхалагічны зрыў. Я развітаўся з роднымі і сказаў: "Божа, я больш не магу". І я сапраўды хацеў разбіць сабе галаву. Рэальна. Проста разбіць сабе галаву.

Але на гэтым эмацыйным піку я сказаў сабе: "Стоп. У мяне ёсць дзеля каго і дзеля чаго жыць". Я ўзяў сябе ў рукі. Было вельмі цяжка. Гэта быў сапраўдны крызісны момант”, — узгадвае ён.

Чаму навучыў гэты страх і як ён паўплываў на стаўленне да рэальнасці?

“Магчыма, гэты выпадак адбыўся для таго, каб я зразумеў: я таксама ўразлівы чалавек. Каб я не будаваў з сябе нейкага героя. Каб мне было паказана: "Валодзя, ты таксама можаш зламацца. Такая небяспека існуе. Ты не самы моцны". І я гэта зразумеў.

А калі ты ўсведамляеш сваю ўразлівасць, ты пачынаеш больш аб’ектыўна ставіцца да рэальнасці. Так, быў такі крызісны момант, калі я сапраўды хацеў скончыць жыццё, бо было настолькі цяжка.

А потым — што далей? Далей толькі наперад. Хай паўзці, хай на зубах, хай як заўгодна. У мяне заўсёды быў такі вобраз: ноч, дождж, гразь, і я проста паўзу па гэтай гразі. Але я бачу мэту. Я буду паўзці, але ўсё роўна буду рухацца наперад. Як бы ні было цяжка.

І гэта не пафас. Гэта з перажытага. Гэта не "панты". І важна, каб слухачы і гледачы гэта разумелі”, — завяршыў свой расповед Уладзімір Гарох.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.