Чаму ў Беларусі нізкі ўзровень нараджальнасці?
Высокі ўзровень нявызначанасці замінае планаванню сям'і / LookByMedia
Чаму ў Беларусі нараджальнасць ніжэйшая, чым у Еўропе? На гэтае пытанне ў эфіры Еўрарадыё адказала эканамістка Анастасія Лузгіна.
— З аднаго боку, развіццё эканомікі і высокі ўзровень адукацыі насельніцтва сапраўды прыводзяць да зніжэння нараджальнасці. З гэтым сёння сутыкаюцца многія развітыя краіны — фактычна большасць з іх.
Але ў Беларусі да гэтага фактару дадаецца яшчэ і высокая ступень нявызначанасці: адсутнасць упэўненасці ў заўтрашнім дні, разумення ўласных магчымасцяў і перспектыў. Пры высокім узроўні адукацыі бацькі думаюць не толькі пра тое, як пракарміць дзіця, але і пра тое, як забяспечыць яму годнае жыццё, якаснае развіццё і будучыню.
Ёсць і трэці важны момант — тое, што ў Беларусі недастаткова развіта ў параўнанні з многімі еўрапейскімі краінамі. Гаворка ідзе пра інфраструктуру і ўмовы, якія дазваляюць выхоўваць дзяцей і адначасова паўнавартасна развівацца, працаваць, самарэалізоўвацца.
Ці хапае дзіцячых садкоў? Як працуе транспарт? Якія ўмовы ствараюцца для маладых маці і бацькоў? Насамрэч не ўсё вымяраецца выключна фінансавай падтрымкай. Вельмі важныя таксама зручнасць і магчымасць весці камфортнае, якаснае і паўнавартаснае сямейнае жыццё, — адзначае Анастасія Лузгіна.