Зноў сілавікі. "Белыя халаты" — пра падрабязнасці прыпынення працы "Альфамеда"
Пацыентаў вывелі з памяшканняў, медыцынскаму персаналу загадалі застацца / Яндекс-карты
Паводле інфармацыі "Белых халатаў", прыватны медыцынскі цэнтр "Альфамед" закрылі праз "шэрыя схемы", у тым ліку выплаты заробкаў у канвертах і правядзення плацяжоў міма касы. Нібыта ў будынак медцэнтра прыбылі сілавікі. Пацыентаў вывелі з памяшканняў, медыцынскаму персаналу загадалі застацца. У выніку былі затрыманыя больш за дзесяць чалавек.
Паводле адной з версій, апублікаванай сёння, прыпыненне працы цэнтра адбылося праз смерць пацыента падчас правядзення працэдуры. А ўжо пасля гэтага была знойдзена "фактура" па эканамічных артыкулах, пішуць "Белыя халаты".
Нагадаем, што інфармацыя пра праблемы "Альфамеда" з’явілася 28 снежня. Пра прыпыненне працы "на нявызначаны тэрмін" паведамляла аб’ява на сайце. Пацыентаў папярэджваюць, што прыём часова не вядзецца, а тэрміны аднаўлення працы не называюцца.
Афіцыйных каментароў сілавых структур і следчых органаў пакуль што не паступала.