У Мінску на аўкцыёне прадалі кватэру, дзе была прапісаная Герасіменя

Чатырохпакаёвая кватэра, дзе была прапісаная Аляксандра Герасіменя

Чатырохпакаёвая кватэра, дзе была прапісаная Аляксандра Герасіменя / e-auction.by

11 лютага праз электронны аўкцыён прадалі арыштаваную чатырохпакаёвую кватэру ў Мінску, дзе раней была прапісаная спартоўка Аляксандра Герасіменя.

Пачатковы кошт лота быў 376,8 тыс. рублёў. У таргах удзельнічалі 15 чалавек. Як заўважыла выданне "Зеркало", таргі зацягнуліся да 2-й гадзіны ночы, хаця звычайна заканчваюцца каля 18-й гадзіны.

Калі цана паднялася да 599 тыс., за кватэру працягнулі змагацца двое прэтэндэнтаў. У выніку жыллё прадалі за 661 285 рублёў.

Кватэра ў доме на вуліцы Філімонава мае агульную плошчу 120,5 квадратнага метра. У ёй зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку адзін непаўналетні.

Жыллё спрабавалі прадаць некалькі разоў, пачынаючы са жніўня 2025-га. Аднак пакупнікоў не знаходзілася. Таму з першапачатковай цаны 942 тысячы рублёў кошт паступова зніжаўся.

Алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя расказвала, што была прапісаная ў гэтай кватэры, але яна ёй не належыць.

У снежні 2022-га Герасіменю завочна асудзілі ў Беларусі на 12 гадоў калоніі, абвінаваціўшы ў закліках да санкцый. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.