Алесь Смалянчук узнагароджаны за заслугі ў гісторыі і калектыўнай памяці
Алесь Смалянчук на ўзнагароджанні / прэс-служба АПК
Беларускі гісторык, прафесар Алесь Смалянчук атрымаў у Польшчы сумесную ўзнагароду Форуму супрацоўніцтва і дыялогу Польшча–Літва і Форуму дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройця. Так былі адзначаныя яго заслугі ў галіне гісторыі і калектыўнай памяці.
У сваім выступе навуковец сказаў, што ўспрымае гэтую ўзнагароду як прызнанне працы тых беларускіх гісторыкаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, дзе сёння не існуе свабоды навуковых даследаванняў, а іх прадстаўнікам пагражаюць рэпрэсіі.
"Калі ласка, не забывайце пра Беларусь, якая змагаецца, жыве і будзе жыць. Жыве Беларусь!" — цытуе словы Смаленчука прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка, першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Ігнацы Нямчыцкі, першы намеснік міністра культуры Польшчы Марэк Краўчык, пасол Літвы ў Польшчы Вальдэмарас Сарапінас, кіраўнікі нацыянальных устаноў культуры Польшчы і Літвы, а таксама прадстаўнікі культурнай грамадскасці.
Дарэчы, раней гэтую ўзнагароду ўручалі толькі культурным і грамадскім дзеячам з Польшчы і Літвы. Ад 2022 года ў спіс лаўрэатаў дадаліся прадстаўнікі Украіны, а сёлета ўпершыню яна пашырылася на прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай грамадскасці і руху.
Лаўрэатамі гэтай прэміі былі прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус, прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба, мецэнат Мацей Радзівіл, адзін з лідараў польскай "Салідарнасці", галоўны рэдактар выдання "Gazeta Wyborcza" Адам Міхнік.