Амаль 1400 беларусаў без легальных дазволаў выявілі за мінулы год у Польшчы

Польскі памежнік, ілюстрацыйнае фота

Польскі памежнік, ілюстрацыйнае фота

Летась польскія памежнікі выявілі 1394 грамадзян Беларусі, якія перабывалі ў краіне нелегальна. Як заўважыла выданне MOST, гэты лік знізіўся ў параўнанні з 2024 годам: тады выявілі 1655 чалавек.

Дарэчы, нашы суайчыннікі не хаваліся: збольшага яны папаліся на памежных пераходах падчас выезду з Польшчы — з пратэрмінаванымі візамі альбо ВНЖ. Напрыклад, 933 чалавекі трапілі ў поле зроку памежнікаў у пункце пропуску "Тэрэспаль". Яшчэ 12 беларусаў затрымалі на мяжы з Расіяй, 6 — з Украінай і 6 — у аэрапортах. Яшчэ 437 беларусаў без легальных дазволаў былі выяўленыя ўнутры краіны.

Акрамя таго, па прадпісаннях Памежнай службы летась Польшчу пакінулі 1295 грамадзян Беларусі.

За 2025 год Памежная служба перадала ў іншыя краіны паводле Дублінскага рэгламенту 14 беларусаў, якія падаваліся на міжнародную абарону ў Польшчы, і прыняла 48 беларусаў, якія прасілі прытулку ў іншых краінах, маючы польскую візу ці ВНЖ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.