Польскі банк Millennium не адкрывае рахункі па часовым пасведчанні замежніка
Банк Millennium / DigitalMammoth / Shutterstock
На цяперашні момант банк Millennium не мае магчымасці адкрываць рахункі асобам, якія валодаюць толькі часовым пасведчаннем асобы замежніка. Такія дакументы выдаюць, напрыклад, беларусам, якія падаліся на атрыманне палітычнага прытулку ў Польшчы і чакаюць рашэння па сваёй справе.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе банка наконт праблемы адкрыцця асабістых банкаўскіх рахункаў для грамадзян і грамадзянак Беларусі ў Польшчы, які атрымаў Цэнтр беларускай салідарнасці.
Прычынай называюць абавязковыя патрабаванні фінансавай бяспекі, якія вынікаюць з польскага заканадаўства аб супрацьдзеянні адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму (AML/CFT), у прыватнасці артыкула 34 адпаведнага закона.
Разам з тым банк прызнае сацыяльную значнасць і актуальнасць гэтай праблемы. У Millennium кажуць, што працуюць над унутранымі зменамі, каб у будучыні такія кліенты маглі адкрываць асабістыя рахункі. Аднак канкрэтныя тэрміны такіх зменаў у банку не назвалі.
Праблема з банкаўскімі рахункамі ў Польшчы даволі актуальная для беларускіх палітуцекачоў. Асабліва вострай яна з'яўляецца для экс-палітвязняў, якіх выслалі з краіны без дакументаў.