Польскі суд адмовіў у выдачы беларуса, якога вінавацяць у нявыплаце падаткаў

Суд, ілюстрацыйнае фота

Суд, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Суд польскага горада Плоцка адмовіў у выдачы ў Беларусь актывіста, якога вінавацяць у падатковых злачынствах.

Суд прыйшоў да высновы, што на радзіме правы беларуса не будуць выконвацца, бо ў 2020 годзе ён дапамагаў пратэстоўцам, піша MOST.

Беларускі бок абвінаваціў мужчыну ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Маўляў, ён утойваў даходы і заніжаў падаткаабкладальную базу. Беларускія следчыя мяркуюць, што гэта прычыніла дзяржаве шкоду ў буйным памеры. У Беларусі за гэта пагражае да пяці гадоў абмежавання волі ці ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі з накладаннем штрафу.

Беларус у польскім судзе паведаміў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года дастаўляў ежу і напоі пратэстоўцам, адвозіў параненых у бальніцы. за гэта да яго дадому прыйшлі сілавікі, у 2021 годзе ён пакінуў Беларусь. Цяпер мужчына з сям'ёй знаходзіцца ў Польшчы і падаў заяву аб наданні яму міжнароднай абароны.

Акруговы суд Плоцка паставіў, што выдаць беларуса на радзіму нельга, бо правасуддзе ў Беларусі не адпавядае стандартам дэмакратычнай прававой дзяржавы. У абгрунтаванні праводзяцца такія аргументы, як залежнасць судовай улады ад выканаўчай, пастановачныя судовыя працэсы супраць людзей, звязаных з апазіцыяй, а таксама адсутнасць права на абарону і права на справядлівае судовае разбіральніцтва.

Дарэчы, польскі амбудсмэн па правах чалавека Марцін Венцэк нават уздымаў пытанне, ці мэтазгодна падаўжаць двухбаковую дамову з Беларуссю па экстрадыцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.