У Гродзенскай вобласці нізкая гатоўнасць да пасяўной, хлусня і разруха — КДК

Разруха ў калхозе. Ілюстратыўнае фота

Разруха ў калхозе. Ілюстратыўнае фота / LookByMedia

Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці правёў праверку гатоўнасці гаспадарак да веснавых палявых работ. Яна аказалася відавочна нездавальняючай. У справаздачы, якую рэдакцыі Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL, адзначана: па стане на 8 студзеня 2026 года гатоўнасць камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў ні ў адным з раёнаў не наблізілася да 50%.

Асабліва на агульным фоне вылучаецца Мастоўскі раён. Там гатоўнасць да працы пасяўных агрэгатаў складала 9%. Самаходныя апырсквальнікі на колах нізкага ціску гатовы да палявых работ на… 0%. Камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты — на 26%.

Зерневыя сеялкі ў гаспадарках Астравецкага раёна гатовы да працы ў палях на 10%.

У КДК адзначаюць, што гаспадаркі дапускаюць скажэнне дакладнасці паказчыкаў гатоўнасці тэхнікі да работ. У якасці прыкладу прыводзіцца КСВУП “Птушкафабрыка „Чырвонаармейская“ Карэліцкага раёна. Паводле справаздачы кіраўніцтва, з двух пасяўных агрэгатаў адзін быў гатовы да працы, аднак падчас праверкі 13 студзеня 2026 года высветлілася, што абодва патрабуюць сур’ёзнага рамонту.

З трох глебаапрацоўчых агрэгатаў да працы быў гатовы адзін, але фактычна ўсе тры маюць патрэбу ў рамонце. Са справаздачы вынікала, што 4 з 6 плугоў гатовы да выкарыстання, аднак высветлілася, што на самай справе ўсе яны патрабуюць рамонту і замены рабочых органаў.

Інспектары Дзяржкантролю адзначаюць, што ў шэрагу гаспадарак Гродзенскай вобласці да рамонту прычэпнай тэхнікі практычна не прыступалі, а наяўная адрамантаваная тэхніка не была задзейнічана падчас папярэдняй пасяўной кампаніі.

У гаспадарках вобласці праблемы не толькі з падрыхтоўкай тэхнікі да веснавых работ. Умовы на працоўных месцах таксама выклікалі шмат пытанняў у правяральнікаў.

У многіх гаспадарках у майстэрнях адсутнічае ацяпленне, людзі працуюць ва ўмовах холаду. Дзверы на мехдварах згаданай вышэй “Птушкафабрыкі „Чырвонаармейская“ Карэліцкага раёна з вялікімі прарэхамі, шчыльна не зачыняюцца, што прыводзіць да трапляння снегу ў памяшканні. Таксама патрабуецца рамонт вокнаў — некаторыя з іх папросту разбітыя, у выніку чаго тэмпература ў памяшканнях мала адрозніваецца ад вулічнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.