КДБ вінаваціць чыгуначнага дыспетчара ў "здрадзе дзяржаве"

Андрэй Гаўрылюк

Андрэй Гаўрылюк / Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі

Камітэт дзяржбяспекі вінаваціць цягніковага дыспетчара ўчастка Мінск — вузел Цэнтра кіравання перавозкамі (ЦКП) Андрэя Гаўрылюка ў "здрадзе дзяржаве". Пра гэта паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Пра затрыманне Гаўрылюка стала вядома 8 лістапада 2025 года. Паведамлялася, што чыгуначніка затрымалі за ўдзел у кантрабандзе цыгарэтаў у Польшчу. У Супольнасці чыгуначнікаў кажуць, што Гаўрылюк сапраўды меў магчымасць складаць графікі так, каб кантрабандысты маглі загрузіць сваю прадукцыю ў вагоны. Але такая дзейнасць немагчымая без ведама і згоды яго кіраўніцтва.

Спярша дыспетчара вінавацілі ў атрыманні хабару і перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Але цяпер да абвінавачанняў дадалі здраду дзяржаве. "Пры гэтым ледзь не афіцыйна і гучна заяўляецца, што Гаўрылюк супрацоўнічаў з замежнай разведкай", — адзначаюць чыгуначнікі.

На іх думку, на арыштаванага такім чынам спрабуюць ціснуць, бо ён не прызнаецца ў тым, што інкрымінуюць сілавікі."Ці, што хутчэй за ўсё, з гэтага дыспетчара хочуць зрабіць узорна-паказальнае пудзіла-страшылку для ўсіх астатніх", — вылучаюць версію ў Супольнасці чыгуначнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.